Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі з нагоды правядзення мерапрыемстваў да пяцігоддзя падзей 2020 года

2025-08-06

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да ўсіх беларусаў і беларусак з заклікам прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах 9–10 жніўня 2025 года, прысвечаных пяцігоддзю фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Беларусі і нашай нязгодзе з масавымі рэпрэсіямі з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага народа.

Запрашаем усіх далучыцца да Маршу Свабоды і прыняць удзел у канферэнцыі «Новая Беларусь» 9-10 жніўня ў Варшаве.

Мы ўсведамляем, што мэтай рэжыму Лукашэнкі з’яўляецца запалохванне, стварэнне атмасферы страху і дэматывацыі сярод беларусаў – як унутры краіны, так і за яе межамі, – сярод тых, хто хоча жыць у вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краіне, дзе няма месца рэпрэсіям і палітвязням. Такія спробы запалохвання не зменяць нашай пазіцыі і імкнення дамагчыся ўстанаўлення свабоды ў Беларусі і вяртання правоў чалавека.

У адказ на заяву Міністэрства замежных спраў рэжыму Лукашэнкі адзначаем наступнае:

Беларусы і беларускі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і іншых краін, арганізуюць мірныя сходы, рэалізуючы сваё права, прадугледжанае артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулам 11 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.

Звяртаем увагу, што Міністэрства замежных спраў рэжыму Лукашэнкі чарговы раз праяўляе пагардлівае стаўленне да норм міжнароднага права, што не з’яўляецца нечаканым ва ўмовах правядзення дыктатарам Лукашэнкам палітыкі «иногда не до законов».

Усе краіны Еўрасаюза і іншыя дэмакратычныя краіны, дзе пражываюць беларусы і беларускі, забяспечваюць выкананне сваіх абавязацельстваў, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі ў сферы правоў чалавека. На гэтым фоне заява МЗС Лукашэнкі, як і заява Следчага камітэта рэжыму аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў мірных сходаў на тэрыторыі трэціх краін, узбуджэнні крымінальных спраў, правядзенні ператрусаў і арышце маёмасці гэтых асоб, з’яўляецца яскравым прыкладам дзеянняў, якія ў сукупнасці з іншымі захадамі рэжыму, скіраванымі на пераслед грамадзян Беларусі за мяжой, утвараюць кантэкст злачынстваў супраць чалавечнасці, што здзяйсняюцца экстэрытарыяльна.

Інфармацыя пра адпаведныя дзеянні прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў і беларусак, што жывуць за мяжой, будзе перададзена для разгляду ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Гэта наш выразны пасыл і адказ дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі і яго Міністэрству замежных спраў на пагрозы і запалохванні.

Жыве Беларусь!

Варшава, Вільня, 5 жніўня 2025 года

@CabinetBelarus

Main carousel image