Павел Латушка: «Заява МЗС Лукашэнкі, якая дэманструе дзяржаўную палітыку пераследу беларусаў за мяжой, будзе ўважліва вывучаная — толькі не ў Варшаве, а ў Гаазе»
2025-08-05
«На розум прыходзіць толькі слова "газлайтынг", каб апісаць сказанае спадаром Варанковым. Адзінае з узгаданага ў заяве МЗС, што наносіць шкоду Беларусі, — гэта сама заява МЗС, якая дыскрэдытуе рэпутацыю краіны і ведамства, — пракаментаваў заяву МЗС Лукашэнкі аб недапушчальнасці правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да пяцігоддзя падзей 2020 года, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыркрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
«Усім, думаю, відавочна, што ніякія мірныя сходы грамадзян на тэрыторыі Польшчы не наносяць ніякай матэрыяльнай шкоды Рэспубліцы Беларусь.
Іроніі сітуацыі дадае тое, што заява МЗС Лукашэнкі гучыць з вуснаў чалавека, які калісьці лічыўся адным з самых таленавітых юрыстаў-міжнароднікаў беларускага МЗС. Відавочна, што талент пакінуў спадара Варанкова, калі ён абмяняў сваё сумленне на кар’еру пасля 2020 года. Паколькі гаворка ідзе пра шкоду на ўзроўні дзяржаў, давайце разбяром сітуацыю з пункту гледжання міжнароднага права.
Беларускія грамадзяне, якія на законных падставах знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, арганізоўваюць мірны сход грамадзян, рэалізуючы сваё права, прадугледжанае артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулам 11 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека. Спадару Варанкову, як і беларускаму МЗС, магчыма, цяжка зразумець, як такая норма павінна выконвацца, а магчыма, яму і яго калегам зайздросна, што яны ўжо не могуць так збірацца ў МЗС.
Але Польшча, як і любая іншая краіна Еўрапейскага саюза, забяспечвае выкананне сваіх абавязацельстваў, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека.
На гэтым фоне падобныя заявы могуць быць успрыняты не інакш, як акт палітычнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, спроба перашкодзіць рэалізацыі міжнародных абавязацельстваў краін, дзе знаходзяцца беларусы, у галіне правоў чалавека, а таксама спроба распаўсюдзіць юрысдыкцыю Беларусі на законныя дзеянні грамадзян на тэрыторыі трэціх краін.
Падобная заява МЗС Лукашэнкі, як і заява Следчага камітэта рэжыму аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў мірных сходаў на тэрыторыі трэціх краін, правядзенні ператрусаў і арышце маёмасці ў гэтых асоб, з’яўляюцца яскравым прыкладам асобных актаў, якія ў сукупнасці з іншымі дзеяннямі з боку рэжыму, накіраванымі на пераслед грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў за мяжой, утвараюць кантэкст злачынстваў супраць чалавечнасці, што здзяйсняюцца экстэрытарыяльна.
Руслан Варанкоў можа быць задаволены, мяркую, бо яго заява, якая дэманструе дзяржаўную палітыку пераследу беларусаў за мяжой, будзе ўважліва вывучаная — толькі не ў Варшаве, а ў Гаазе», — падкрэсліў Павел Латушка.
