Уладзімір Астапенка: «Беларускае пытанне не закрытае, старонка не перагорнутая»
2025-08-05
Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета ў эфіры «Еўрарадыё» выказаўся пра ізаляванасць рэжымнай дыпламатыі ў Еўропе, ініцыятывы дэмакратычных сіл і магчымасць круглага стала як інструмента пераадолення крызісу:
📌 Пра нараду Лукашэнкі з кіраўнікамі дыпмісій рэжыму: «У палітры інструментаў для дыпламатаў рэжыму не з’явілася нічога прынцыпова новага. Як і ў рыторыцы Лукашэнкі. І 10 гадоў таму ён патрабаваў павялічыць экспарт, і 5 гадоў таму… Галоўныя задачы МЗСаў ва ўсім свеце перш за ўсё палітычныя, праз вырашэнне якіх ствараюцца ўмовы для развіцця эканамічных, культурных і іншых стасункаў. У выпадку ж з рэжымнымі дыпламатамі ад знешняй палітыкі нічога не засталося».
📌 Пра знешнюю палітыку рэжыму ў рэчышчы «вялікага ўсходняга брата»: «Сённяшняя палітыка Лукашэнкі давяла Беларусь да сітуацыі, калі ёсць рэальная пагроза страты суверэнітэту. Вельмі сімвалічнымі на гэтай нарадзе былі словы дыктатара [да дыпламатаў]: вы хочаце суверэнітэту – ідзіце паспрабуйце яго адбудаваць. Гэта вынік яго працы цягам апошніх 30 гадоў, нібыта гаранта суверэнітэту».
📌 Пра еўрапейскія кантакты: «Наогул не разумею, што сёння робяць рэжымныя амбасады ў Еўропе, бо ёсць пазіцыя еўрапейскіх краін: змінімізаваць кантакты з імі. І палітычныя кантакты, і эканамічныя сувязі, і культурнае, навуковае супрацоўніцтва застаюцца па-за межамі ўзаемадзеяння. Сёння гэтую нішу запаўняюць структуры дэмакратычных сіл, перш за ўсё Святлана Ціханоўская, Кабінет, Каардынацыйная Рада. Вельмі важна, што еўрапейскія партнёры нас чуюць і адкрытыя да супрацоўніцтва».
📌 Пра пагаршэнне стаўлення да мігрантаў: «Гэта можна назваць агульным трэндам у Еўропе. Але давайце ўявім сабе на хвілінку, што раптам няма намаганняў з боку дэмсіл Беларусі: усе нашыя заклапочанасці наконт абароны правоў грамадзян былі б скінутыя ў “расійскі кошык“. Ніхто б далей нават не клапаціўся, што рабіць з беларусамі: была б агульная пазіцыя “Расія + Беларусь = браты навек. Агрэсары“. Мы знаходзімся зараз у прынцыпова іншай сітуацыі. Трэба змагацца і далей. На сёння мы маем, па розных ацэнках, міграцыю да 1 мільёна чалавек з Беларусі – гэта новая міграцыя. І праблемы гэтых людзей не знікнуць заўтра».
📌 Пра ўнёсак дэмсіл у беларускую справу: «Народ у 2020 годзе сказаў катэгарычнае “Не“ Лукашэнку і падтрымаў Святлану Ціханоўскую, якая атрымала неабходную легітымнасць, каб прадстаўляць беларускі народ і яго інтарэсы. І яна гэта робіць з 2020 года, актыўна і дастаткова эфектыўна. Яна за гэтыя 5 гадоў адбудавала ўнікальную сістэму ў тым ліку асабістых высокаўзроўневых кантактаў, пра якую ніколі не марыў ані Лукашэнка, ані міністр замежных спраў рэжымнай Беларусі. Гэта відавочны поспех. Гэта прасоўванне беларускай справы на самым высокім палітычным узроўні. Беларускае пытанне не закрытае, старонка не перагорнутая. Ёсць гатоўнасць пабудаваць дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь, якая магла знайсці сябе ў сям’і еўрапейскіх народаў. Гэта тэзіс, які ніколі раней не гучаў у палітычным кантэксце. Сёння ён ёсць у наратывах усіх вядучых еўрапейскіх краін і інстытутаў»
📌Пра ідэю круглага стала: «Ідэю мы абмяркоўвалі на працягу апошніх двух-трох гадоў. Яна не новая, гэта гістарычны вопыт, у тым ліку Польшчы. Гэта тэарэтычна адзін з інструментаў выхаду з крызісу. Адна з магчымасцей, калі з абодвух бакоў будзе разуменне, што нам трэба нешта рабіць, трэба дамовіцца, выпрацаваць алгарытм. Каб захаваць краіну, аднавіць законнасць, здабыць нацыянальнае прымірэнне. Гэта добрая ідэя, якая будзе яшчэ больш добрай, калі яе падтрымаюць уплывовыя замежныя актары. Тыдзень таму на пасяджэнні Кабінета мы разглядалі канцэптуальны дакумент аб магчымасці правядзення круглага стала, які прапанаваў Павел Латушка, мы ўзгаднілі яго як аснову для далейшых практычных дзеянняў. Усё залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад гатоўнасці людзей з боку рэжыму думаць не пра імгненныя інтарэсы Лукашэнкі, каб ён мог застацца ва ўладзе, а пра тое, як будзе жыць нашая краіна праз 5, 10, 20 гадоў».
@CabinetBelarus
