Павел Латушка: «Санкцыі працуюць, і міжнародны ціск трэба ўзмацняць»
2025-08-05
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ пракаментаваў даныя Белстата, якія сведчаць пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ва ўмовах санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі:«Па выніках першага паўгоддзя 2025 года дэфіцыт знешняга гандлю Беларусі таварамі склаў 3,18 млрд долараў – на 83% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Экспарт упаў на 3,7% і склаў 19 млрд, а імпарт, наадварот, вырас на 3,3% – да 22,19 млрд долараў.
Гэтыя лічбы гавораць самі за сябе: санкцыі працуюць, эканоміка рэжыму не спраўляецца з ціскам. Страты нарастаюць, перакосы ўзмацняюцца. Абяцанні “пераарыентацыі“ і “эканамічнага цуду“ з усходнім вектарам на практыцы абарочваюцца галаўным болем для рэжыму.
Санкцыі б’юць па рэсурсах, якія рэжым Лукашэнкі накіроўвае на рэпрэсіі і падтрымку вайны. Гэта яшчэ адзін сігнал: міжнародны ціск трэба ўзмацняць. Падтрымка санкцыйнай палітыкі – гэта не толькі эканамічны інструмент. Гэта спосаб прымусіць рэжым плаціць кошт за агрэсію, парушэнні правоў чалавека. Санкцыі маюць на мэце прымусіць рэжым змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку».
@CabinetBelarus
