Павел Латушка: «Для мяне заўсёды было прыкладам, як беларусы Беласточчыны захоўваюць беларускую культуру і мову»
2025-08-03
У гміне Міхалава Падляшскага ваяводства Польшчы адбыўся штогадовы, адзін з найбуйнейшых фестываляў беларускай меншасці ў Польшчы — «Прымацкая бяседа». У фестывалі выступілі дзясяткі калектываў беларускай меншасці, якія захоўваюць, культывуюць і развіваюць беларускую культуру.
«Вялікая падзяка ўсім беларусам, беларускай меншасці ў Польшчы за захаванне беларускай культуры, мовы і традыцый у Польшчы”, — падкрэсліў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас адкрыцця фестывалю.
Павел Латушка адзначыў, што як пасол і міністр культуры Беларусі заўсёды падтрымліваў правядзенне культурных мерапрыемстваў беларускай меншасцю ў Польшчы, у тым ліку і гэтага фестывалю. Таксама падкрэсліў, што лічыць гэты фестываль адным з самых яркіх і незабыўных падзей беларускай культуры за мяжой.
На адкрыцці фестывалю прысутнічалі і выступілі віцэ-маршалак Сената Польшчы Мацей Жыўна, ваявода Падляшскага ваяводства Яцэк Бжазоўскі, віцэ-прэзідэнт горада Беластока Марэк Масальскі, прадстаўнікі маршалкоўскага ўпраўлення і іншых мясцовых органаў улады.
Галоўным арганізатарам фестывалю з’яўляецца калектыў беларускай меншасці Польшчы «Прымакі», у складзе якога ўжо 15 гадоў выступае дачка Паўла Латушкі — Яна Латушка.
«Каля 5 тысяч гледачоў, тысячы ўражанняў ад цудоўнай беларускай культуры і песні, якая гучала ўчора на Падляшшы», — адзначыў Павел Латушка.
Павел Латушка абмеркаваў з віцэ-маршалкам Сената Польшчы пытанні важнасці недапушчэння ператварэння Беларусі ў Паўночную Карэю 2.0 у Еўропе і адкрыцця для асабовага руху пунктаў пропуску на мяжы для пашырэння камунікацыі беларусаў з ЕС. Павел Латушка як чалец Каардынацыйнай Рады абмеркаваў магчымасці супрацоўніцтва з Сенатам Польшчы, які ў студзені гэтага года прызнаў Каардынацыйную Раду ў якасці парламента ў эміграцыі.
Кіраўнік НАУ дамовіўся з віцэ-прэзідэнтам горада Беластока Марэкам Масальскім ўзаемадзейнічаць па вырашэнні праблемных пытанняў для беларускай дыяспары, якая цяпер жыве ў Беластоку.
З прадстаўніком Маршалкоўскага ўпраўлення Падляшскага ваяводства Павел Латушка абмеркаваў магчымасць падтрымкі праекта лагера «Крывічы» для дзяцей беларускіх палітвязняў.


