Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Мацкевіч: «Лукашэнка ўсё яшчэ жыве страхам 2020 года і падмяняе інтарэсы краіны патрэбай уласнага выжывання»

2025-08-01

Кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч пракаментаваў заявы Лукашэнкі перад кіраўнікамі беларускіх дыпмісій:

«Усё яго выступленне – праява страху перад непазбежным. Заклікі да “ваеннай мабілізацыі ў цяжкі мірны час” сведчаць, што ён працягвае жыць траўмай 2020 года і бачыць ва ўсіх беларусах і ў людзях ва ўласнай сістэме галоўную пагрозу.

Замест рэальнай знешняй палітыкі ён патрабуе ад дыпламатаў быць яго асабістымі менеджарамі па экспарце і інвестыцыях, каб латаць дзіркі ў эканоміцы.

Яго словы пра “бліжэй за ўсіх Расія” і пра тое, што Захад “не здаецца без бою”, на самой справе азначаюць, што Лукашэнка не вядзе прадуманую шматвектарную палітыку (як ён хоча прадэманстраваць), а спрабуе хаатычна знайсці рэсурс там, дзе дадуць – то праз Кітай, то праз Афрыку, то праз надзею на палітычнае пацяпленне з боку ЗША. Гэта не палітыка для краіны. Гэта гульня чалавека, які трымаецца за ўладу.

Яго заява, што “дэмакратызацыя санкцыямі правалілася”, таксама не адпавядае рэальнасці. Санкцыі працуюць. Лукашэнка не робіць выбар сыйсці як “адказны лідар, які перажывае за лёсы людзей“ – бо санкцыі ўведзеныя як рэакцыя на яго ўчынкі. Ён робіць выбар яшчэ больш здаць суверэнітэт. Так баіцца даўно наспелых перамен, развіцця, волі прагрэсіўных, крэатыўных, смелых людзей, здольных весці краіну наперад. Баіцца дэмакратычнай большасці, таму будуе палітыку на запалохванні і залежнасці ад Масквы.

Фраза “2020 мы больш не паўторым” паказвае галоўны прыярытэт – не развіццё, не абарона нацыянальных інтарэсаў, а кантроль, лаялізм, рэпрэсіі.

Магчыма, такія пасланні могуць уразіць падкантрольны апарат, але на міжнароднай арэне яны гучаць як прызнанне ізаляцыі і безвыходнасці. Чакана, што свет бачыць у цяперашняй Беларусі не крыніцу стабільнасці, а закладніка рэжыму, які жыве мінулым і абслугоўвае асабістыя інтарэсы дыктатара і ўсходняга суседа».

@CabinetBelarus

Main carousel image