Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Мой пасыл да КДБ: займіцеся сапраўднай нацыянальнай бяспекай — шукайце расійскіх агентаў, а не змагайцеся з тымі, хто хоча свабоднай і незалежнай Беларусі»

2025-08-01

Падчас прэс-канферэнцыі Павел Латушка заявіў, што апошнімі днямі сілавікі рэжыму Лукашэнкі прадпрынялі сканцэнтраваную па часе і актыўнасці спробу завербаваць супрацоўнікаў НАУ.

«27 і 28 ліпеня гэтага года спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі было здзейснена 7 спробаў вербоўкі супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Паводле нашага аналізу, да гэтых дзеянняў датычныя Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны, а таксама спецыяльнае падраздзяленне Міністэрства ўнутраных спраў, якое фактычна атрымала функцыі разведкі — ГУБАЗіК.

Для вербоўкі выкарыстоўваюцца асабістыя паведамленні ў мэсэнджарах, адрасаваныя канкрэтным супрацоўнікам. У гэтых паведамленнях утрымліваецца інфармацыя і пагрозы ў дачыненні да 17 супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення»
.

Павел Латушка и Арцём Брухан адзначылі, што рэжым Лукашэнкі значна ўзмацніў прымяненне сілы, пагрозаў яе прымянення і запалохвання ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху, якія вымушаны знаходзіцца за межамі краіны, а менавіта напады, выкраданні, пагрозы, завочныя прысуды, пераслед сем’яў у Беларусі, канфіскацыя маёмасці ў Беларусі і іншыя формы рэпрэсій. Было падкрэслена, што апошнім часам назіраецца сканцэнтраваны рост такіх спроб.

«Паводле нашых звестак з дакладных крыніц у Беларусі, а таксама з прамой карэспандэнцыі “калектыўнага” КДБ на мой адрас, у дачыненні да мяне, чальцоў і чалінь каманды НАУ, а таксама іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі рыхтуецца правакацыя. Ужываюцца словы: "Пачынаецца ваша знішчэнне", "будзе не бомба, а бомбішча". "Калектыўны" КДБ сцвярджае ў дасланым мне электронным лісце, што Лукашэнка асабіста паказаў гэтыя матэрыялы і нават відэа спецпасланцу прэзідэнта ЗША Кіту Кэлагу падчас іх сустрэчы», — падкрэсліў Павел Латушка.

Намеснік кіраўніцы Кабінета падкрэсліў, што 9 ліпеня 2025 года рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі быў прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, а большасць чальцоў і чалінь Кабінета 16 ліпеня КДБ Беларусі ўнёс у спіс тэрарыстаў.

Паводле Шведа, так званага Генеральнага пракурора рэжыму Лукашэнкі, адной з падставаў з’яўляецца нібыта «стварэнне і фінансаванне тэрарыстычных арганізацый, а таксама вярбоўка Аб’яднаным Пераходным Кабінетам беларусаў, якія выказваюць негатыўныя погляды адносна ваеннага і палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расіі».

Гэтым рашэннем Лукашэнка спрабуе пазбавіць АПК статусу ўдзельніка патэнцыйных перамоваў па выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі ў якасці аднаго з прадстаўнікоў беларускага грамадства.

Павел Латушка звярнуўся да прадстаўнікоў КДБ:
«Слухайце, вам што сапраўды няма чым заняцца? Займіцеся справамі дзяржаўнай бяспекі. Хто з’яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспекі Беларусі? Добра, Лукашэнкам не можаце заняцца, вы яму прысягалі, а не беларускаму народу. Пагрозай з’яўляецца Расія. Вось чым трэба займацца. Усе гэтыя прарасійскія правакатары, увесь гэты “русский мир” — вось гэта пагроза дзяржаўнай нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, а тыя, хто хоча захаваць дзяржаву, незалежную, еўрапейскую – не з’яўляюцца пагрозай, яны патэнцыйна могуць быць партнёрамі, калі, канешне, не будзе Лукашэнкі і калі адбудзецца круглы стол і ў нас атрымаецца дамовіцца».

Main carousel image