Сёння мы можам з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што рэжым Лукашэнкі ніколі раней не быў так падрыхтаваны да вайны, як цяпер
2025-07-31
«Сёння рэжым Лукашэнкі знаходзіцца не толькі ў стане падвышанай баявой гатоўнасці — ён псіхалагічна, ідэалагічна і матэрыяльна падрыхтаваны да актыўнага ўдзелу ў вайне», — адзначыў у ходзе прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы рэжыму Лукашэнкі да ўступлення ў вайну на баку Расіі і спробам КДБ вербоўкі супрацоўнікаў НАУ, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Сумесная прэс-канферэнцыя Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана прайшла 31 ліпеня ў Варшаве, падчас якой быў паказаны тызер дакументальнага фільма «Беларусь у зацісках вайны», створанага Народным антыкрызісным упраўленнем. Фільм заснаваны на аналітычным дакладзе НАУ «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя».
Фільм будзе складацца з трох частак, а яго першая частка выйдзе на YouTube-канале Паўла Латушкі ўжо ў гэту нядзелю, 3 жніўня.
Павел Латушка і Арцём Брухан прадставілі шэсць сфер, у якіх рэжым Лукашэнкі з 2022 года вядзе сістэмныя і мэтанакіраваныя дзеянні па падрыхтоўцы Беларусі да вайны:
1. Трансфармацыя палітыка-прававой сістэмы
Было адзначана, што змена Канстытуцыі, прынятая ў 2022 годзе, пазбавіла Беларусь статусу нейтральнай і без’ядзернай дзяржавы. У красавіку 2024 года была зацверджана новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і абноўленая Ваенная дактрына. Згодна з гэтымі дакументамі, Беларусь упершыню афіцыйна заявіла пра гатоўнасць адпраўляць войскі за мяжу ў рамках падтрымкі саюзнікаў і дапусціла магчымасць нанясення прэвентыўных удараў.
2. Мадэрнізацыя ўзброеных сіл
З 2022 года назіраецца рэзкі рост колькасці кантрактнікаў — іх колькасць павялічылася ў 1,5 раза. Плануецца пашырэнне асабовага складу арміі да 80 000 вайскоўцаў. Рэзерв Узброеных Сіл Беларусі ацэньваецца амаль у 300 000 чалавек.
У 2023 годзе было створана так званае «народнае апалчэнне», колькасць якога можа дасягаць нават 150 000 чалавек.
3. Эканоміка вайны: мабілізацыйная трансфармацыя
У 2025 годзе выдаткі на абарону выраслі на 32% у параўнанні з 2024 годам і складуць каля 4,7 мільярда рублёў.
2024 год быў рэкордным па колькасці новых тыпаў узбраення — ажно 24 новыя мадэлі. У 2024 годзе на ўзбраенне было прынята каля 4000 новых адзінак узбраення.
Паводле ініцыятывы BELPOL, каля 500 беларускіх прадпрыемстваў супрацоўнічаюць з расійскім ваенным комплексам.
4. Ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй
Сталая дыслакацыя расійскіх войскаў, сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў і рэгулярныя сумесныя вучэнні сведчаць пра поўную аператыўную сумяшчальнасць і глыбокую каардынацыю. У 2023 годзе было падпісана пагадненне аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
5. Інфраструктура
З 2023 года Беларусь актыўна рэалізуе праект па будаўніцтве сістэмы абарончых умацаванняў, вядомай як «Лінія Хрэніна». Беларуская чыгунка была пераведзена ў рэжым падвышанай сакрэтнасці. У чэрвені 2025 года ў Мінску пачалася масавая праверка 5000 бамбасховішчаў.
6. Ідэалагічная мабілізацыя і кантроль над унутранай стабільнасцю
У 2024 годзе праз вайскова-патрыятычныя лагеры, створаныя на базе вайсковых часцей, прайшло больш за 30 000 дзяцей. Дзяржаўныя СМІ і прапагандысцкія рэсурсы транслююць наратывы пра пагрозу з боку Захаду, НАТА і Украіны.
Паралельна ідуць масавыя рэпрэсіі: душыцца любое незалежнае мысленне, ліквідаваны незалежныя медыя, а спіс так званых «экстрэмісцкіх рэсурсаў» і «тэрарыстычных арганізацый» сістэматычна пашыраецца.
«Лукашэнка не з'яўляецца "міратворцам", "гарантам міру і незалежнасці" Беларусі або "закладнікам абставінаў". Ён — паслядоўны саюзнік Расіі, суагрэсар у вайне супраць Украіны, правакатар і крыніца ваеннай пагрозы для Еўропы», — падкрэсліў Павел Латушка.
Каб мы маглі працягваць нашу працу і далей выкрываць злачынствы рэжыму, нам патрэбна ваша падтрымка. Калі маеце магчымасць, дапамагайце нам змагацца за свабодную і мірную Беларусь.
