Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

96 маладых спецыялістаў падрыхтавана для працы ў МЗС Новай Беларусі

2025-07-31

У Зале Сената Варшаўскага ўніверсітэта адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў дзевятнаццацi ўдзельнікам пятага набору праграмы «Новыя кадры для Новай Беларусі».

З прывітальным словам да выпускнікоў звярнуўся дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі. Урачыстае ўручэнне дыпломаў будучым дыпламатам ён праводзіў разам з дырэктарам Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта прафесарам Янам Маліцкім.

У цырымоніі таксама прыняў удзел спецпрадстаўнік міністра замежных спраў Польшчы па пытаннях супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, амбасадар Адам Халацінскі, прадстаўнікі МЗС Польшчы і дыпламаты амбасады Францыі.

Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік НАУ, падкрэсліў у сваім выступленні: «Мы ажыццяўляем стратэгічна важную справу для будучыні дэмакратычнай Беларусі, фактычна ствараючы кадравы патэнцыял, які забяспечыць эфектыўную работу МЗС новай Беларусi». Палітык падзякаваў МЗС Польшчы, а таксама амбасадзе Францыі ў Польшчы за падтрымку гэтай праграмы.

Праграма падрыхтоўкі будучых беларускіх дыпламатаў была запушчана ў 2020 годзе Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Дзякуючы арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы МЗС Польшчы з канца 2020 года навучанне будучых дыпламатаў для Новай Беларусі праводзіцца на рэгулярнай аснове.

За перыяд дзейнасці праграмы падрыхтавана 96 спецыялістаў, якія ў перспектыве складуць кадравую аснову дыпламатычнай службы новай Беларусі. Менавіта стварэнне такога кадравага рэзерву з’яўляецца асноўнай задачай дыпламатычнага курсу.

Вучэбная праграма ахоплівае шырокі спектр дысцыплін: асновы палітычнай тэорыі і дыпламатычнай практыкі, пытанні знешняй палітыкі і бяспекі, нормы дыпламатычнага пратакола, міжнароднае заканадаўства, аналіз палітычных працэсаў у Беларусі і рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама іншыя прафільныя дысцыпліны.

Навучальны працэс забяспечвалі дасведчаныя еўрапейскія дыпламаты і выкладчыкі з польскіх і іншых замежных універсітэтаў.

Варта адзначыць, што выпускнікі ўсіх пяці набораў ужо сёння актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве будучай дэмакратычнай Беларусі, працуючы ў Каардынацыйнай радзе, Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, НАУ і іншых беларускіх дэмакратычных структурах.

@CabinetBelarus

Main carousel image