Стратэгія дзеянняў на новы перыяд абмеркавана падчас пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з удзелам прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай
2025-07-30
Падчас супольнага пасяджэння ў Літве абмеркаваны стан дэмакратычнага руху праз 5 гадоў пасля падзей 2020 года: санкцыйная палітыка, прыцягненне Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, шляхі вызвалення палітвязняў і рэабілітацыя вызваленых з турмаў, падтрымка добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, параненых ваяроў і сем’яў загінулых. Асобна абмеркаваны пытанні нацыянальнага адраджэння, моладзевай палітыкі і міжнароднай дзейнасці дэмакратычных сіл.
Адзначана, што і праз пяць гадоў пасля беспрэцэдэнтных па масавасці пратэстаў супраць фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта ў жніўні 2020 года, перажыўшы пераслед, дэмакратычна настроеныя беларусы і беларускі працягваюць змаганне за пабудову дэмакратыі ў Беларусі і за яе еўрапейскую будучыню. Дыктатар жа за гэтыя гады канчаткова сябе дыскрэдытаваў, працягваючы масавыя рэпрэсіі, здзейсніўшы акт паветранага тэрарызму і стаўшы саўдзельнікам агрэсіі Расіі супраць Украіны. Дэмакратычныя сілы трымаюцца пазіцыі, што дыялог аб нацыянальным прымірэнні магчымы, але без удзелу Лукашэнкі.
«Беларусы пакуль не дасягнулі перамогі, шляхам мірнага пратэсту з неймавернай мужнасцю і ўпартасцю змагаючыся з тым жа ворагам, з якім ужо колькі гадоў з падтрымкай амаль усіх краін Захаду змагаецца Украіна. Пуцінскі рэжым і яго хаўруснік у Мінску – пагроза міру і бяспецы ў Еўропе. Дэмакратычная, еўрапейская Беларусь – той выбар, які беларусы і беларускі зрабілі ў жніўні 2020 года і якому застаюцца прыхільныя і праз 5 гадоў. Толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць важным чыннікам забеспячэння рэгіянальнай бяспекі», – адзначылі ўдзельнікі і ўдзельніцы пасяджэння.
Дэмакратычныя інстытуты дапамагаюць вырашыць такія праблемы беларусаў у краіне і за мяжой, як забеспячэнне мабільнасці, легалізацыя, атрыманне віз і ВНЖ. Распрацавана канцэпцыя кампенсацыі шкоды рэпрэсіраваным.
Прадстаўнікі і прадстаўніцы Кабінета з дарадцамі Офіса Святланы Ціханоўскай абмеркавалі план дзеянняў і прыярытэтныя кірункі, на якіх будуць сканцэнтраваны супольныя высілкі.
Асобна на пасяджэнні абмеркаваны дакументы стратэгічнага значэння, якія будуць прадстаўлены на канферэнцыі «Новая Беларусь» у пачатку жніўня. У прыватнасці прадстаўнікамі і прадстаўніцамі Кабінета зацверджана пастанова аб падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў.
@CabinetBelarus

