Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў сувязі з ростам колькасці ваенных беспілотных лятальных апаратаў Расійскай Федэрацыі ў паветранай прасторы Беларусі і пагрозамі ваеннай эскалацыі
2025-07-29
Апошнім часам у паветранай прасторы Беларусі значна расце колькасць ваенных беспілотных лятальных апаратаў Расійскай Федэрацыі, якiя накіроўваюцца для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны, у тым ліку па яе мірных гарадах. Пра гэта становіцца вядома дзякуючы неабыякавым беларусам і беларускам, незалежным медыя і ініцыятывам.
Прадастаўленне паветранай прасторы Беларусі для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў прыводзіць у тым ліку да росту пагроз жыццям і здароўю грамадзян і грамадзянак Беларусі.
Мы акцэнтуем увагу грамадзян і грамадзянак Беларусі, што ўсе дзеянні Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як на зямлі, так і ў паветры, ажыццяўляюцца выключна з асабістай згоды дыктатара Лукашэнкі – і ён, як і яго саўдзельнікі, нясе поўную адказнасць за магчымыя наступствы парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнароднага права.
Палітыка Лукашэнкі скіравана на поўную перадачу ў распараджэнне Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ваеннага суверэнітэту Беларусі, у тым ліку суверэнітэту над паветранай прасторай.
Сваімі дзеяннямі рэжым стварае рызыку таго, што грамадзянам і грамадзянкам Беларусі давядзецца прымаць удзел у ваенных дзеяннях. Тое, што адбываецца ў паветранай прасторы Беларусі апошнім часам, – адзін з індыкатараў падрыхтоўкі рэжыму Лукашэнкі да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на баку Расіі.
Лукашэнка – саўдзельнік агрэсіі супраць незалежнай і суверэннай Украіны і нясе персанальную адказнасць за здзейсненыя ваенныя злачынствы супраць грамадзян і грамадзянак Украіны і за злачынства агрэсіі супраць Украіны як дзяржавы.
Мы заклікаем усіх беларусаў і беларусак, якія не хочуць, каб над іх галовамі ляталі баявыя дроны, каб у гарадах Беларусі гучалі выбухі і каб Лукашэнка ўцягнуў нашую краіну ў поўнамаштабную вайну, звяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як забяпечваецца бяспека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы Беларусі знаходзяцца небяспечныя для жыцця БПЛА.
Прынята 29 ліпеня 2025 года на пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якое зараз праходзіць у Літве
@CabinetBelarus
