«Мы змагаемся супраць той самай злачыннай ідэалогіі, якая прыводзіць да такіх трагедый, як ў Аленаўцы». Сумесная заява прадстаўнікоў Кабінета
2025-07-28
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, і Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета:
«28 ліпеня 2025 года ва Украіне ўпершыню адзначаецца Дзень памяці загінулых у палоне. Гэтая дата нагадвае нам пра страшную трагедыю – тэракт у Аленаўцы, спланаваны і здзейснены Расіяй у ноч з 28 на 29 ліпеня 2022 года. У калоніі на акупаванай Расіяй тэрыторыі загінулі мінімум 53 украінскія абаронцы і яшчэ каля 130 атрымалі раненні.
Мы смуткуем разам з украінскім народам і сем’ямі ўсіх, хто загінуў. Пакуль у цэнтры Еўропы існуюць рэжымы, для якіх чалавечае жыццё не мае каштоўнасці, якія гатовыя практыкаваць найбруднейшыя і найцынічнейшыя метады вядзення войн, ніхто ў нашым рэгіёне не можа адчуваць сябе да канца ў бяспецы.
Сярод абаронцаў Украіны, якія аддалі свае жыцці, былі і беларусы. Некаторыя нашыя добраахвотнікі наўпрост зараз знаходзяцца ў расійскім палоне – і доля далёка не кожнага з іх вядомая. Нашыя ваяры і ў гэтыя хвіліны – на полі бою, на баку Украіны, на баку праўды.
Мы разам з украінскім народам. І мы змагаемся супраць той самай злачыннай ідэалогіі, якая прыводзіць да такіх трагедый, як ў Аленаўцы.
У самой Беларусі, дзе рэжым Лукашэнкі доўгія гады супрацоўнічае з рэжымам Пуціна, у жахлівых умовах зняволення знаходзяцца і ўкраінцы, і беларусы, якія асудзілі расійскую агрэсію 2022 года і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года – і рашуча выступілі супраць гэтага. Нам вядома мінімум пра сем смерцяў палітзняволеных у турмах Беларусі. Сотні людзей пакутуюць ад катаванняў ізаляцыяй, інфармацыйным вакуумам, ад здзекаў, хвароб, неаказання меддапамогі і збіцця. Нават за прамаўленне слоў па-беларуску.
Крыніца праблем Беларусі такая ж, што і ва Украіны, – гэта антынацыянальны, антыгуманны, антыдэмакратычны, антыеўрапейскі дуэт персаналісцкіх аўтакратый з настальгіяй па імперыі.
І мы спадзяёмся на супрацоўніцтва гераічнага ўкраінскага народа і беларускіх дэмакратычных сіл, каб яно прынесла магутны плён: знішчэнне гэтага дуэту і прыцягненне ўсіх яго памагатых да адказнасці за найцяжэйшыя міжнародныя злачынствы.
Слава Украіне!
Жыве Беларусь!».
@CabinetBelarus
