«Ніякіх "чырвоных ліній" для гэтай ўлады не існуе»
2025-07-28
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, пракаментаваў прызнанне праекта «Беларуская Акадэмія» экстрэмісцкім фарміраваннем:
«Рэжым Лукашэнкі чарговы раз пацвердзіў, што баіцца незалежных ініцыятыў, якія фарміруюць беларускую ідэнтычнасць і трымаюцца нацыянальнай мовы.
Пад удар патрапіла "Беларуская Акадэмія" пры Беластоцкім філіяле польскага ўніверсітэта – праект, які меў выразна адукацыйны і культурніцкі характар. Яго ўзначальвае прафесарка Святлана Куль-Сяльвестрава – доктар гістарычных навук, літаратарка, паэтка, чалавек высокага інтэлектуальнага аўтарытэту.
Яшчэ нядаўна многія думалі, што рэжым не адважыцца крануць філіялы еўрапейскіх ВНУ, якія працуюць для беларускай аўдыторыі і па-беларуску. Але цяпер відавочна: ніякіх "чырвоных ліній" для гэтай ўлады не існуе. Пераслед можа закрануць любога, хто застаецца верным беларускай культуры і імкнецца перадаць яе наступным пакаленням.
У гэтых умовах мы асабліва спадзяёмся на гнуткую і дальнабачную падтрымку з боку еўрапейскіх партнёраў. Беларускія адукацыйныя і культурніцкія праекты застаюцца жыццёва неабходнымі. Гэта наша актуальная лінія барыкад у барацьбе за незалежную Беларусь – вольную, еўрапейскую, беларускамоўную».
@CabinetBelarus
