⚡️ Каментарый Вольгі Зазулінскай, прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета
2025-07-26
«Трагедыя, якая здарылася ў Гданьску, – самазабойства беларускага добраахвотніка Ягора і жорсткае гвалтоўнае злачынства, здзейсненае ім супраць іншага беларуса, – боль, з якім немагчыма змірыцца.
Выказваю шчырыя спачуванні блізкім Ягора. Яго жыццё было азмрочана ўдзелам у вайне, ізаляцыяй, псіхалагічным крызісам. Выказваю словы салідарнасці і падтрымкі чалавеку, які выжыў, – ахвяры катаванняў. Тое, што ён перажыў, – жахліва. І ён заслугоўвае абароны, а не дадатковай рызыкі і грамадскага ціску.
Гэтая гісторыя тычыцца значна большага кола людзей. Цэлай сацыяльнай групы – тых, хто вярнуўся з вайны, застаўся сам-насам з раненнямі, дэпрэсіяй, ПТСР, няўпэўненасцю… Гэта гісторыя пра беларусаў, якія, змагаючыся супраць агрэсіі і абараняючы справядлівасць, самі аказаліся без абароны.
Падчас візіту ў Брусель у чэрвені гэтага года я ўздымала тэму дапамогі беларускім добраахвотнікам і ветэранам. Мы робім гэта ва ўсіх магчымых фарматах і пры кожнай зручнай нагодзе. Тады я казала партнёрам: падтрымка гэтых людзей не толькі маральны абавязак, гэта адказная і прафілактычная сацыяльная палітыка. Бо ў выпадках з людзьмі з баявым досведам можа дайсці да трагедый – як асабістых, так і грамадскіх.
Праблема ў тым, што сектар, які займаецца падтрымкай ветэранаў, працуе ў найцяжэйшых умовах. Без сістэмнага фінансавання, часта на валанцёрскіх асновах. А донары не разглядаюць гэтую тэму як прыярытэтную.
У канцэпцыі сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падтрымка беларускіх добраахвотнікаў вылучана як асобны кірунак. Я павінна шчыра сказаць: мы пакуль не дасягнулі таго, чаго хацелі. Але мы працягваем працаваць і гаварыць пра гэтую праблему гучна.
Разам з тым, я хачу звярнуцца да саміх ваяроў, да іх блізкіх, да сем’яў: дапамога ёсць. У Літве працуе ініцыятыва «Росквіт», якая падтрымлівае беларускіх добраахвотнікаў, іх сем’і, у тым ліку жанчын і дзяцей. Яна праводзіць памятныя мерапрыемствы, арганізуе псіхалагічную падтрымку, працуе разам з іншымі арганізацыямі.
У межах ініцыятывы «Клуб Ліцвіны» беларускія добраахвотнікі ў Літве і Польшчы могуць прайсці паглыблены медагляд, атрымаць кансультацыі траўматолага, псіхіятра, неўролага і іншых спецыялістаў. Для гэтага не абавязковая наяўнасць медстрахоўкі. Звярнуцца можна праз цʼютараў клуба ці праз тэлеграм-бот @Licvinybot.
Я таксама хачу выказаць вялікую трывогу ў сувязі з тым, як частка беларускіх медыя асвятляла гэтую гісторыю. Быў здзейснены аўтынг (гвалтоўнае раскрыццё сексуальнай арыентацыі чалавека без яго згоды), без ведама ахвяры гвалту названа месца яго працы, дадзена асабістая інфармацыя, якая можа стаць крыніцай дадатковай рызыкі.
Я лічу, што гэта парушэнне прафесійных і этычных стандартаў. І прашу, каб Этычная камісія Беларускай асацыяцыі журналістаў дала ацэнку гэтаму выпадку. Мы не можам працягваць трактаваць журналістыку як паляванне на сенсацыі, асабліва калі пад ударам лёсы людзей, што перажываюць цкаванні.
Я ў сваю чаргу ініцыюю працу над этычнымі рэкамендацыямі для медыя ад імя праваабарончай супольнасці, якія маглі б дапамагчы ў будучыні асвятляць падобныя сітуацыі без стварэння дадатковых рызык і без знявагі да тых, хто і так знаходзіцца ў крайняй уразлівасці.
Асабліва прыкра было чытаць каментарыі, у якіх прычынай гэтай трагедыі называецца не псіхалагічны стан чалавека, не ПТСР, не адсутнасць дапамогі, а ягоная сексуальная арыентацыя. Больш за тое, некаторыя каментатары набраліся нахабства называць гэта «вычварэнствамі» і «дэвіяцыямі». Некаторыя палічылі, што журналістам непажадана ўвогуле было гаварыць пра статус чалавека як добраахвотніка, а трэба было звесці праблему да «рэўнасці» і «бытавухі». Калі мы і далей будзем закрываць вочы на сапраўдныя прычыны і вінаваціць людзей за тое, кім яны з'яўляюцца, мы рызыкуем не заўважыць наступную бяду.
Нам усім патрэбна менш асуджэння і больш здольнасці слухаць і падтрымліваць. Калі б Ягор адчуў, што не адзін – магчыма, гэтай трагедыі можна было б пазбегнуць».
@CabinetBelarus
