Павел Латушка: «Расія бачыць у праваслаўі інструмент для прасоўвання сваёй імперскай палітыкі»
2025-07-25
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі пракаментаваў рашэнне Сіноду РПЦ, якім Беларускую Праваслаўную Царкву абавязалі паўсюдна ўказваць прыналежнасць да Маскоўскага патрыярхату:Гэта зусім не пытанне кананічнай фармальнасці. Гэта чарговае сведчанне таго, што Крэмль працягвае ўспрымаць веру не як духоўную сферу, а як інструмент палітычнага і ідэалагічнага кантролю.
Патрабаванне падкрэсліваць «Маскоўскі патрыярхат» у кожнай назве – ад епархій да манастыроў – гэта не што іншае, як спроба дэманстратыўна зацвердзіць уладу Расіі над духоўнай прасторай нашай краіны. У Крамлі добра разумеюць: трэба дамагчыся таго, каб у Беларусі не засталося сваёй духоўнай тоеснасці. Усё «сапраўднае» павінна асацыявацца толькі з Масквой – такім бачыцца іх сцэнарый.
РПЦ рэагуе на любыя праявы самастойнасці з боку БПЦ з падазрэннем. Калі царква не дэманструе поўную лаяльнасць і залежнасць – яе адразу спрабуюць "паставіць на месца". Такія публічныя заявы – гэта не проста напамін, гэта адкрытая спроба прынізіць беларускіх святароў і яшчэ раз паказаць, хто галоўны. І гэта, дарэчы, датычыцца не толькі царквы. У іншых сферах расійскі бок часта робіць выгляд, што гаворка ідзе пра "супрацоўніцтва", але ў рэальнасці гаворка ідзе толькі пра кантроль.
Расія не бачыць у праваслаўі глыбіні духу, спадчыны ці любові да чалавека. Яна бачыць у ім выключна інструмент. Інструмент для прасоўвання сваёй імперскай палітыкі. І гэта ўсё – пад покрывам веры.
Як асоба, якая добра ведала мітрапаліта Філарэта, які стаяў за стварэннем Беларускай Праваслаўнай Царквы, дакладна разумею важнасць веры як чалавечай каштоўнасці, а беларускага праваслаўя – як аднаго з найважнейшых падмуркаў беларускай ідэнтычнасці і самасвядомасці.
Мы павінны ўсведамляць: калі мы не будзем бараніць сваю духоўную незалежнасць – нам навяжуць чужую».
@CabinetBelarus
