Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Аргумент “Вам никто не мешает говорить по-беларусски” разбіваецца аб сцены турмы». Сумесная заява прадстаўнікоў Кабінета

2025-07-25

Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, і Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, адрэагавалі на сведчанні вызваленага з беларускай турмы грамадзяніна Латвіі Дзмітрыя Міхайлава аб дыскрымінацыі беларускамоўных вязняў:

«Такіх сведчанняў нямала. Але мы вельмі ўдзячныя вызваленаму палітзняволенаму Дзмітрыю Міхайлаву і "Радыё Свабода", якое брала ў яго інтэрв’ю, за ўвагу да гэтай праблемы. Для многіх беларусаў гэтая рэальнасць ужо ўспрымаецца як «нармальнасць»: без беларускай мовы можна не тое што абыходзіцца – калі ты гаворыш па-беларуску, цябе за гэта могуць біць, дыскрымінаваць, звальняць з працы або не браць на яе…

Сведчанне Дзмітрыя вельмі паказальнае. Асабліва каштоўны погляд “чалавека звонку”, з іншым культурным досведам, які востра бачыць абсурднасць сітуацыі. Ён паходзіць з краіны, дзе мова тытульнай нацыі прайшла праз ціск, але выжыла і стала асновай нацыянальнай самасвядомасці.

Аргумент апанентаў “Вам никто не мешает говорить по-беларусски” разбіваецца аб сцены турмы. Дзмітрый расказвае, што за спробу абараніць беларускамоўных некалькі разоў атрымаў дубінкай у жывот. А вязням, што пісалі звароты па-беларуску, адкрыта казалі: “Зачем вы пишите на этом языке?”.

Няма сумненняў: у беларускіх турмах дамінуе "русский мир", і гэта не выпадковасць, а частка сістэмы. Пенітэнцыярная сістэма – свайго роду люстэрка дзяржавы. І цяпер нават у турме ўжо няма месца для беларускамоўных беларусаў. Ці будзе яно хоць недзе? Гэта тая самая карціна свету, якая сёння вызначае лад мыслення людзей, што кантралююць краіну.

Дыскрымінацыя абсалютна непрымальная. Гвалт абсалютна непрымальны. Нельга нармалізаваць гэта, маўчаць пра гэта, з гэтым змірацца. Мы прыцягнем увагу міжнароднай супольнасці да гэтай праблемы. Праз выкарчоўванне мовы тытульнай нацыі паступова забіваецца сама нацыя, яе гісторыя, яе мысленне, яе права на самастойны шлях. Нельга страціць Беларусь і яе мову. Нельга страціць чалавека і яго годнасць.

Мы б хацелі думаць, што гэтая гідлівасць і грэблівасць да беларускай мовы і яе носьбітаў – усяго толькі асабістая рыса канкрэтных людзей. Мы маглі б звярнуцца да тых, хто працуе ў пенітэнцыярнай сістэме, з просьбай не пераступаць нават тыя рамкі, што засталіся ў межах закону. Але мы не маем ілюзій. Да нас, "тэрарыстаў", турэмшчыкі не прыслухаюцца. Такое стаўленне – гэта не асабісты выбар. Гэта выбар сістэмы. І “жоўтыя біркі” на форме палітвязняў – толькі адна з прыкмет гэтага выбару.

Калі вы наступны раз будзеце шукаць адказ на пытанне “Чаму ў Беларусі не гавораць па-беларуску?”, зазірніце не толькі ў 1937, але і ў 2020-я. Адказы – побач з намі».

@CabinetBelarus

Main carousel image