Латушка: «Важна разглядаць запыты ў Інтэрпол з боку так званых праваахоўных органаў рэжыму Лукашэнкі як палітычна матываваныя»
2025-07-22
«Удзячны Польшчы за ўсебаковую падтрымку і абарону беларусаў, якія знайшлі прытулак, вымушана пакінуўшы Беларусь з-за атмасферы страху і тэрору, створанай рэжымам Лукашэнкі», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з першым намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Уладзіславам Барташэўскім.
Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытання выкарыстання інструментаў Інтэрпола рэжымам Лукашэнкі ў палітычным пераследзе грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы. Звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць разгляду дадзеных запытаў з боку так званых праваахоўных органаў рэжыму Лукашэнкі як палітычна матываваных.
Абмеркавана пытанне дасягнення справядлівасці для ахвяр пераследу, якія пражываюць у Польшчы, у кантэксце пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі, што з’яўляецца трансгранічным злачынствам. У гэтым кантэксце абмеркаваны магчымыя захады па прыцягненні да адказнасці вінаватых у міжнародных злачынствах.
Разгледжана магчымасць стварэння рабочай групы пад кіраўніцтвам МЗС Польшчы, якая магла б комплексна разглядаць пытанні легалізацыі і іншыя пытанні, звязаныя са знаходжаннем грамадзян Беларусі на тэрыторыі Польшчы.
Падчас сустрэчы было абмеркавана пытанне магчымых крокаў па вызваленні палітзняволеных у Беларусі.
Асобна было разгледжана пытанне пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі актывістаў беларускіх дэмакратычных сіл і інстытутаў дэмакратычных сіл Беларусі, якія легальна дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы і іншых краін-чальцоў Еўрасаюза.
«Рэжым супрацьдзейнічае моцнай кансалідаванай альтэрнатыве. Менавіта таму Аб’яднаны Пераходны Кабінет і яго структуры былі прызнаныя 9 ліпеня тэрарыстычнай арганізацыяй. Важна разумець, што гэта спроба з боку рэжыму абмежаваць магчымасці падтрымкі нашай дзейнасці з боку міжнародных партнёраў», – падкрэсліў Павел Латушка.
Уладзіслаў Барташэўскі падкрэсліў, што Польшча і далей будзе аказваць падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі.
@CabinetBelarus
