Каментарый Юліі Міцкевіч, першай намесніцы прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета
2025-07-22
«Сітуацыя, што адбылася, стала трыгерам для беларускай грамадзянскай супольнасці і, на жаль, дагэтуль не мае адзінай пазіцыі. Харасмент як з’ява ўвогуле і сексуальныя дамаганні ў прыватнасці не выклікаюць аднагалоснага асуджэння – дастаткова пачытаць каментарыі ў медыя і сацсетках пад абмеркаваннем кейса Стрыжака. Мы вельмі доўга жывём у патрыярхальным свеце, дзе стагоддзямі лічылася нармальным, што мужчына (асабліва той, хто мае ўладу і статус) можа бесперашкодна вырашаць за жанчыну, калі і як праяўляць да яе ўвагу – у тым ліку сексуальную.
Гэта азначае:
▪️Мы абавязкова павінны працягваць гаварыць пра гэта публічна, абмяркоўваць недапушчальнасць падобных паводзінаў, выцягваць на паверхню і іншыя выпадкі. Кожны і кожная павінны адчуваць, што яны не самі, калі з імі нешта падобнае здарылася, і што мы разам ствараем атмасферу даверу, бяспекі і падтрымкі, у якой пра гэта трэба і важна гаварыць і дзяліцца.
▪️Нам неабходна праводзіць абавязковыя трэнінгі для мужчын-палітыкаў і грамадскіх лідараў – як гэта робіцца ў Еўропе, куды мы імкнёмся.
▪️Нам патрэбныя ўнутраныя гендарныя палітыкі ў асяроддзі дэмакратычных сіл, якія будуць не проста прыгожа аформленыя на паперы, а сапраўды працаваць. Каб яны ўключалі індыкатары дапамогі пацярпелым, прафілактычную працу па супрацьдзеянні харасменту, а таксама любым формам дыскрымінацыі і неэтычных паводзінаў, а таксама маніторынг і ацэнку.
▪️Правіла «Не – значыць не» і прынцып актыўнай згоды павінны стаць у нашай унутранай дзейнасці і ў асабістай камунікацыі абсалютна ўніверсальнымі, агульнапрынятымі і практыкаванымі кожным і кожнай з нас».
@CabinetBelarus
