Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Пазіцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі наконт этычных нормаў дзейнасці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл

2025-07-22

Апошнім часам мы з жалем назіраем за тым, што некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якія рэпрэзентуюць грамадскасць і прэтэндуюць быць лідарамі меркавання, не заўжды дэманструюць важныя этычныя стандарты ў сваім персанальным жыцці і прафесійнай дзейнасці, што праяўляецца ў тэмах хатняга гвалту, харасменту, сексуальнага пераследу, якія трапляюць у публічныя абмеркаванні.

Наша кансалідаваная пазіцыя палягае ў тым, што падобныя сітуацыі датычацца не толькі паводзінаў аднаго чалавека. Яны закранаюць шырэйшае пытанне – пра тое, якое асяроддзе мы ствараем у дэмакратычным руху і якія этычныя стандарты мы распрацоўваем і падзяляем як ролевыя мадэлі для грамадства ў цэлым і грамадскай думкі ў прыватнасці.

Мы лічым недапушчальным любую праяву харасменту ці дамаганняў, выкарыстанне свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзінаў, што парушаюць асабістыя межы іншых людзей, кранаюць, зневажаюць, абражаюць жанчын і ствараюць прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх. Трэба заўсёды памятаць, што любая ўлада пачынаецца з усведамлення асабістай адказнасці за свае ўчынкі і адносіны з тымі, хто табе давярае.

Кожны чалавек, асабліва жанчыны і іншыя ўразлівыя групы, заслугоўваюць павагі да сваіх правоў і межаў і пачуцця бяспекі – без страху, што асабісты кантакт можа абярнуцца сітуацыяй дыскрымінацыі, гвалту, маніпуляцыі або ўціску. І кожны і кожная, хто займае адказную пазіцыю ў грамадскіх ініцыятывах і палітычных структурах мусіць ведаць: тое, што ты робіш, калі яно прыносіць шкоду камусьці, мае значэнне і наступствы для ўсёй супольнасці.

Мы застаемся прыхільнікамі дэмакратыі, празрыстасці, павагі і асабістай адказнасці. І мы лічым, што адкрытае абмеркаванне складаных тэм – гэта не пагроза, а праява моцнай, дарослай і здаровай супольнасці, а таксама адмены культуры замоўчвання, якая ёсць часткай патрыярхата. Кожны з нас нясе адказнасць за свае словы і дзеянні, але асабліва вялікая яна ў тых, хто ўплывае на іншых, хто мае аўтарытэт або публічную ролю.

@CabinetBelarus

Main carousel image