Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларуская грамадзянка пасля першаснай адмовы атрымала дазвол на пражыванне ў Польшы дзякуючы працы рабочай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў пры МУС

2025-07-18

Намеснік кіраўніцы Кабінета і кіраўнік беларускага боку ў рабочай групе Павел Латушка падчас апошняга пасяджэння прадставіў інфармацыю пра сітуацыю грамадзянкі Беларусі спадарыні Марыі.

Жанчына, якая жыве ў Польшчы, атрымала адмову ваяводы ў дазволе на пражыванне на падставе польскага паходжання, паколькі пасля шлюбу змяніла прозвішча і не мела арыгінала беларускага пасведчання аб шлюбе. Наведаць Беларусь, каб атрымаць дублікат дакумента, яна не магла, бо мела абгрунтаваны страх перад магчымым пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі.

Кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская прадставіла юрыдычнае абгрунтаванне, згодна з якім пры разглядзе такіх спраў павінны ўлічвацца ўсе даступныя доказы, што пацвярджаюць факты, неабходныя для прыняцця прававога рашэння.

У сувязі з гэтым Павел Латушка звярнуўся да кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаша Цытрыновіча з просьбай накіраваць ваяводам і падпарадкаваным органам напамін пра тое, што ў многіх выпадках грамадзяне Беларусі не маюць рэальнай магчымасці атрымаць арыгіналы або дублікаты дакументаў з беларускіх дзяржаўных устаноў.

Таксама прадстаўнік Кабінета прапанаваў падрыхтаваць рэкамендацыі, згодна з якімі, калі заканадаўства не патрабуе абавязковага прадстаўлення арыгінала дакумента, дапускаецца выкарыстанне іншых даступных доказаў для пацвярджэння юрыдычна значных фактаў.

Як стала вядома Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету, днямі спадарыня Марыя па выніках абскарджання атрымала станоўчае рашэнне, у якім была ўлічаная пазіцыя Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы на падтрымку довадаў беларускага боку.

На думку Ганны Маціеўскай, гэта рашэнне стварае станоўчы прававы прэцэдэнт, які можа быць выкарыстаны ў далейшай практыцы.

Павел Латушка накіраваў падзяку Томашу Цытрыновічу за ўважлівае стаўленне польскай дзяржавы да праблемы беларускай грамадзянкі, якая апынулася ў вымушаным выгнанні ў выніку драматычных падзей на радзіме.

@CabinetBelarus

Main carousel image