Латушка пра 18-ы пакет санкцый: «Надзеі дыктатараў на слабасць Еўропы не спраўдзіліся – Еўропа дэманструе сілу»
2025-07-18
«ЕС толькі што ўзгадніў адзін з самых жорсткіх на сёння пакетаў санкцый супраць Расіі», – заявіла сёння кіраўніца Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Кая Калас.
Новыя санкцыі закрануць 105 суднаў так званага «ценявога флоту», «Паўночны паток» і банкі, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Будзе зніжаны цэнавы паталок на расійскую нафту – з 60 да 47,6 долараў за барэль – і ён будзе пераглядацца кожныя шэсць месяцаў, каб адаптавацца да змен на рынку. Уводзіцца дадатковая гарманізацыя санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі. Забарона на спецыялізаваныя паслугі абмену фінансавымі паведамленнямі заменена поўнай забаронай на транзакцыі. Уведзена эмбарга на імпарт зброі з Беларусі.
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Кабінета:«Кабінет і НАУ даўно звярталі ўвагу на тое, што банкаўская сістэма Беларусі задзейнічана ў абыходзе санкцыйных абмежаванняў. Мы адзначалі, што аднаго адключэння ад SWIFT недастаткова – неабходна закрыць карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў, якія садзейнічаюць агрэсіі. У ЕС нас пачулі. Гэтыя меры прадугледжаныя новым санкцыйным пакетам.
18-ы пакет санкцый павінен прывесці да скарачэння даходаў расійскага бюджэту, што адаб’ецца на магчымасцях продажу тавараў з Беларусі на расійскі рынак і на магчымасцях рэжыму Лукашэнкі разлічваць на фінансавую падтрымку для працягу ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі. Пад санкцыі ЕС трапляюць банкаўскія інстытуты Беларусі, якія спрыяюць фінансаванню і абыходу санкцый, уведзеных за агрэсію.
Еўропа не забылася пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. У спіс юрыдычных асоб у 18-м пакеце санкцый супраць Расіі ўключаны шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу рэжыму Лукашэнкі.
Як прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета я ўдзячны Еўрапейскаму саюзу за паслядоўнасць і прынцыповасць у сваіх дзеяннях. Надзеі дыктатараў на слабасць Еўропы не спраўдзіліся – Еўропа дэманструе сілу. Важна працягваць нарошчваць ціск, выкарыстоўваючы механізмы, якія сапраўды б’юць па фінансавай і ваеннай машыне дыктатарскіх рэжымаў».
@CabinetBelarus
