Маргарыта Ворыхава: «Грамадства, дзе жанчын вучаць маўчаць, а мужчын – паміраць, ніколі не будзе свабодным»
2025-07-18
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета рэагуе на чарговую ідэалагічную ініцыятыву Міністэрства адукацыі Лукашэнкі:
«Улада вырашыла укараніць яшчэ адзін метад ідэалагічнага выхавання: у новым навучальным годзе ў школах пройдзе ”месячнік традыцыйных сямейных каштоўнасцей”. У вучняў і вучаніц будуць фарміраваць “уяўленні пра ролю і жыццёвае прызначэнне мужчын і жанчын у адпаведнасці з традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага грамадства”.
Што тут не так?
1. Навязваюцца стэрэатыпныя ролі. Дзяўчынам скажуць, што іх прызначэнне – быць “жонкамі і маці”, а кар’ера і лідарства не для іх. Хлопцам – што яны павінны не паказваць эмоцый, быць гатовымі “памерці за Радзіму” ў “спецаперацыях“ за мяжой.
2. Ігнаруецца разнастайнасць рэальных досведаў. У канцэпцыі так званых “традыцыйных каштоўнасцей“ няма месца для дзяцей палітвязняў, дзяцей, якія выхоўваюцца толькі маці ці бацькам, альбо толькі бабуляй. Няма месца ЛГБТК+ падлеткам. Іх адсутнасць у “ідэальнай карціне” – гэта форма выключэння.
3. Псіхалагічная шкода. Калі табе ўвесь час кажуць пра адзіна правільны шлях, прыняты нібыта ўсімі, але не табой, гэта вядзе да самацэнзуры, адчужанасці, трывожнасці. Замест падтрымкі – сорам і віна.
4. Ідэалагічнае выкарыстанне школы, якая пераўтвараецца ў інструмент фарміравання паслухмяных грамадзян, а не вольных людзей, у частку сістэмы кантролю.
5. Парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі. Канвенцыя аб правах дзіцяці і Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын забараняюць фарміраванне стэрэатыпных мадэлей паводзін на падставе гендару.
Грамадства, дзе жанчын вучаць маўчаць, а мужчын – паміраць, ніколі не будзе свабодным. Моладзь заслугоўвае сапраўднай адукацыі, а не дзяржпрапаганды. Мы верым у Беларусь, дзе школа будзе на баку дзіцяці і яго індывідуальнасці. Дзе моладзь будзе вучыцца думаць, а не падпарадкоўвацца».
@CabinetBelarus
