Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Зазулінская: «Ствараецца фільтр, праз які не пройдуць нават патэнцыйна здольныя на “думказлачынства“»

2025-07-17

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская пракаментавала змяненні ў законы па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей:

«Фармальна гаворка ідзе пра «пазбаўленне права займацца педагагічнай дзейнасцю з дзецьмі асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Але ўсе мы разумеем, як рэжым жангліруе паняццямі і што менавіта ён лічыць «эсктрэмізмам».

У выніку працаваць з дзецьмі не змогуць нават кваліфікаваныя спецыялісты і спецыялісткі, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах, падтрымлівалі дабрачынныя ініцыятывы або пісалі асабістае меркаванне ў сацсетках. І нават калі судзімасць знятая, чалавек усё адно будзе пазбаўлены магчымасці працаваць у адукацыі – назаўсёды.

Замацаваны і «абавязак бацькоў забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю». Але што менавіта лічыцца шкодным для здароўя і развіцця? І, галоўнае, што за санкцыі будуць прымяняцца да бацькоў, якія раптам парушаць свой абавязак і не змогуць «засцерагчы» сваё дзіця ад небяспечнага ўплыву?

Яшчэ законам прадугледжваецца «надзяленне наймальнікаў правам праводзіць псіхалагічную гутарку з грамадзянамі, якія плануюць займацца педагагічнай дзейнасцю, дзейнасцю, звязанай з пастаяннай работай з дзецьмі».

Гэта працяг ідэалагічных праверак і дыскрымінацыі. Ствараецца нябачны фільтр, праз які не пройдуць не толькі «прызнаныя экстрэмісты», але і тыя, хто патэнцыйна здольны на «думказлачынства»: напрыклад, тыя, хто карыстаецца беларускай мовай ці мае «няправільныя» погляды на гісторыю.

У выніку закон не ахоўвае дзяцей, а перашкаджае ім сустрэць на сваім шляху людзей з вольным, смелым, крытычным мысленнем, з наватарскімі ідэямі і поглядам не ў таталітарнае мінулае, а ў дэмакратычную будучыню»

@CabinetBelarus

Main carousel image