Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Уладзімір Астапенка: «Сумесныя намаганні дапамогуць Беларусі стаць свабоднай і дэмакратычнай краінай»

2025-07-16

Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пракаментаваў асноўныя падзеі працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Брусель:

«У сваёй прамове на Парламенцкай асамблеі НАТА Святлана Ціханоўская нагадала, што ўжо зараз ідзе праца над рэформамі, якія накіраваныя на інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую і еўраатлантычную супольнасць – гэта акрэслівае галоўны прыярытэт дэмакратычных сіл Беларусі ў планах па развіцці нашай краіны і патрабуе адпаведнай міжнароднай падтрымкі.

Новы пакет дапамогі, прадстаўлены падчас сустрэчы з еўракамісаркай Мартай Кос – чарговае сведчанне нязменнай падтрымкі незалежных СМІ, праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Спадзяёмся, што гэты пакет дапаможа працягваць нашу працу, абараняць правы чалавека і спрыяць развіццю дэмакратыі.

Невыпадкова кіраўніца Кабінета звярнула ўвагу на тое, што дэмсілы Беларусі ўяўляюць сабой альтэрнатыву ўладзе Лукашэнкі і «рускаму свету» – гэта ключавы палітычны пасыл, які адлюстроўвае сутнасць нашай барацьбы за свабоду і суверэнітэт нашай краіны.

Сустрэча з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркасам Перэстрэлу і іншыя кантакты пацвердзілі намер працягваць сумесную працу і забяспечыць удзел беларускіх экспертаў у мерапрыемствах ПА НАТА. Гэта несумненна ўмацуе ролю беларускай грамадзянскай супольнасці ў пытаннях еўрапейскай палітыкі і бяспекі.

Мы ўдзячныя міжнародным партнёрам за падтрымку. Яна дае нам упэўненасць, што сумесныя намаганні дапамогуць Беларусі стаць свабоднай і дэмакратычнай краінай».

@CabinetBelarus

Main carousel image