Павел Баркоўскі: «Беларуская рэвалюцыя годнасці многіх павярнула да пошуку нацыянальных каранёў і сустрэчы з уласнай традыцыяй»
2025-07-12
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета наведаў фестываль TUTAKA на Беласточчыне:
«TUTAKA адбываецца ўжо 4 год запар. Гэта прастора сучаснай беларускай культуры на Падляшшы, дзе здаўна жывуць і захоўваюць сваю ідэнтычнасць этнічныя беларусы. Фэст стаў месцам сустрэч прыхільнікаў беларускай культуры і сяброў Вольнай Беларусі.
TUTAKA мае назву «фестывалю абуджаных». Так называлі сябе беларусы, якія доўгі час заставалася па-за палітычным кантэкстам і не асабліва цікавіліся грамадскай будучыняй краіны, але з лета 2020 г. зразумелі сваю адказнасць за яе.
Доўгія гады ў Беларусі адбывалася паступовае занявольванне грамадства, яго дэпалітызацыя, руйнаванне нацыянальных традыцый і культуры. Большасць грамадзян проста назіралі за гэтымі рэчамі, не ў стане неяк паўплываць на іх апроч як на індывідуальным узроўні. Тым не менш беларуская рэвалюцыя годнасці многім расплюшчыла вочы на рэальны стан спраў у краіне, павярнула да пошуку нацыянальных каранёў і сустрэчы з уласнай традыцыяй. Беларусы сталі часцей звяртацца да роднай мовы, спажываць культуру, створаную менавіта беларускімі аўтарамі: кнігі, песні, спектаклі, падкасты і блогі…
Гэта асаблівая з’ява для адраджэння беларускай культуры, бо на TUTAKA сустракаюцца беларусы, якія жылі ў гэтым рэгіёне спрадвеку і цяпер маюць статус этнічнай меншасці, беларусы, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі, і беларусы, якія прыязжаюць сюды з дому.
Гэта сваеасаблівы народны сход, дзе побач могуць абмяркоўвацца сур’ёзныя пытанні і адбываюцца імпрэзы для душы. І калі «мы нясём сваё неба з сабой», як запавёў нам беларускі класік, то ў гэтыя дні беларускае неба стаіць у тым ліку над пушчамі Беласточчыны».
@CabinetBelarus


