14 дзён – найлепшы тэрмін для падачы заявы на замену «зялёнай кніжачкі»
2025-07-11
У развіццё ІІ пасяджэння працоўнай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы, якое адбылося ў Варшаве 4 ліпеня, узгоднены пратакол па выніках пасяджэння групы.
Пратакол падпісаны кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам і перададзены прадстаўніку па транзіце ўлады Кабінета Паўлу Латушку, які ўзначальвае працоўную групу з беларускага боку.
У пратаколе адзначана: у адказ на выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі механізмаў INTERPOL для пераследу беларусаў за мяжой, Упраўленнем па справах замежнікаў будуць падрыхтаваныя афіцыйныя звароты ў паліцыю, памежную службу і Міністэрства юстыцыі Польшчы. Мэта – улічыць узнятыя праблемы пры разглядзе заяў аб міжнароднай абароне:
- па пытанні прызнання польскага падарожнага дакумента (dokument podróży) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу, польскі бок зафіксаваў, што гэта пытанне будзе разгледжана пры наступным унясенні змяненняў у Закон Польшчы аб замежніках;
- па пытанні тэрмінаў разгляду заяў на прадастаўленне міжнароднай абароны, у пратаколе адзначана, што павелічэнне тэрмінаў разгляду звязана з вялікай колькасцю заяў, якія паступаюць у ваяводскія ўпраўленні. Падкрэслена, што сітуацыя пачне паляпшацца пасля ўвядзення магчымасці электроннай падачы заяў праз сістэму MOS. У бягучым годзе ўжо пададзена больш за 8 тысяч заяў на прадастаўленне міжнароднай абароны;
- у пратаколе таксама падкрэсліваецца, што кожная справа па прадстаўленні міжнароднай аховы разглядаецца індывідуальна, з улікам прадстаўленых доказаў і інтарэсаў, звязаных з працэдурай прадастаўлення міжнароднай абароны. Асабліва гэта датычыцца спраў, звязаных з прымяненнем Дублінскай сістэмы;
- у пратаколе адзначаецца, што найлепшым тэрмінам для падачы заявы на замену TZTC (“зялёнай кніжачцы”) з’яўляецца перыяд за 14 дзён да заканчэння тэрміну дзеяння дадзенага дакумента.
Гэта дазволіць своечасова аформіць новы дакумент і пазбегнуць празмернай нагрузкі на польскія дзяржаўныя органы.
Нагадаем, што TZTC, ці так званая “зялёная кніжачка”, з’яўляецца ключавым дакументам для замежнікаў, якія падаюць дакументы на міжнародную абарону, які:
- дазваляе адкрываць банкаўскі рахунак;
- з’яўляецца дакументам, які пацвярджае асобу на час разгляду заявы.«Удзячны польскаму боку за інстытуцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках рабочай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы. Лічу гэта важным інструментам для абмеркавання і выпрацоўкі рашэнняў у інтарэсах беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь. Адна з найважнейшых задач – дасягненне скарачэння тэрмінаў разгляду зваротаў грамадзян Беларусі ў міграцыйныя органы Польшчы», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка.
@CabinetBelarus
