Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Ніякіх ілюзій адносна рэжыму Лукашэнкі

2025-07-10

Ніякай нармалізацыі адносін з Беларуссю не можа быць без вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення дэмакратычных рэформаў, — адзін з ключавых тэзісаў падчас дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента 9 ліпеня ў Страсбургу. Адной з ключавых тэм дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі стала вызваленне палітычных вязняў.

Падчас дэбатаў выступалі Марта Кос, еўракамісар па пытаннях пашырэння, чальцы Дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю, у тым ліку старшыня дэлегацыі Малгожата Гасеўска, намеснік старшыні Міхал Кобоско, а таксама Роберт Бедронь, Анджэй Халіцкі, Дайніус Жалімас і іншыя еўрадэпутаты.

Марта Кос падкрэсліла: калі рэжым сапраўды мае намер прадэманстраваць рэальныя і ўстойлівыя змены, ён павінен неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў, адмяніць рэпрэсіўныя законы — асабліва так званыя «экстрэмісцкія» палажэнні, а таксама спыніць палітычна матываваныя пераследы і новыя адвольныя затрыманні. Рэжым таксама павінен перастаць саўдзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць Украіны, якую не падтрымлівае большасць беларускага народа.

«Ніякіх ілюзій адносна рэжыму Лукашэнкі», — заявіла Малгожата Гасеўска. Яна таксама падкрэсліла, што нягледзячы на нядаўнія вызваленні, адвольныя затрыманні і псеўдасуды працягваюцца штодзённа. Лукашэнка не мяняе сваёй палітыкі, а толькі стварае дымавую заслону. Але рэжым слабее — санкцыі працуюць, і іх нельга аслабляць. Наадварот, іх трэба змацняць, рабіць больш дакладнымі і глыбокімі.

«Пакуль кіруе Лукашэнка, у Беларусі правы чалавека будуць мёртвыя», — падкрэсліў Міхал Кобоска. У сваім выступленні ён адзначыў, што нядаўнія вызваленні палітвязняў не павінны закрываць вочы на праўду: гэтыя людзі ніколі не павінны былі апынуцца ў турме.

Анджэй Халіцкі падкрэсліў, што вызваленне Сяргея Ціханоўскага — гэта ў першую чаргу вынік ціску на рэжым Лукашэнкі.

Усе еўрадэпутаты, якія выступілі, а таксама еўракамісар Марта Кос, падкрэслівалі неабходнасць безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі. Апошнія памілаванні — гэта не жэст добрай волі, а вынік ціску на рэжым.

Еўрадэпутаты падчас дыскусіі таксама выказваліся ў падтрымку прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

«Важна, што нашы партнёры прыслухоўваюцца да нашых ацэнак і дакладна разумеюць: у Беларусі працягваюцца масавыя парушэнні правоў чалавека, і рэпрэсіі не спыняюцца. Дэбаты ў Еўрапейскім парламенце — гэта моцны сігнал рэжыму Лукашэнкі: ніякай нармалізацыі адносін з ЕС не будзе, пакуль не будуць вызвалены ўсе палітвязні і не спыняцца рэпрэсіі.

Мы ўдзячныя еўрадэпутатам за прынцыповую пазіцыю. Беларусь павінна стаць на шлях дэмакратыі, і міжнародны ціск адыгрывае ключавую ролю ў гэтым працэсе. Мы працягнем дамагацца прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа», — адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.


@CabinetBelarus

Main carousel image