«Павінен быць “гібрыдны фармат”: ціснем – і потым размаўляем»
2025-07-10
У інтэрв’ю для «Еўрарадыё» Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, адказала на пытанні пра тое, дзякуючы каму і чаму сёння з турмаў выходзяць палітвязні, ці варта весці перамовы з рэжымам і ці можа нехта адзін лічыць гэта сваёй асабістай заслугай.
📌 «Цягам двух гадоў ідуць пэўныя працэсы. Яны пачаліся ў межах Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША». Была сфарміраваная асобная працоўная група, якая займаецца пытаннямі па вызваленні людзей з беларускіх турмаў. Гэта не заўсёды публічны працэс, не заўсёды тое, што выносяць у СМІ. Паміж удзельнікамі гэтага працэсу было «джэнтэльменскае пагадненне», калі мы ўсе разам вырашылі, што гэтую тэму мы не выносім у СМІ. І калі я прыйшла ў Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Кабінета, я ўвайшла ў гэтую кааліцыю, працоўную групу. І мяне вельмі здзіўляе, што мы нібыта прынялі «джэнтэльменскае пагадненне», а потым дзесьці з’яўляюцца заявы ў СМІ, што «гэта нашая заслуга», вынік нашай працы».
📌 «Я заўсёды кажу: няма ніводнага чалавека, няма ніякага цэнтра, ніякай адной ініцыятывы, якія могуць сказаць: «Гэта зрабілі мы». Гэта зрабілі беларусы і беларускі, якія працуюць у дэмакратычных структурах, у праваабарончым сектары, у гуманітарным сектары, у тым ліку Народныя амбасады, якія ў сваіх краінах вядуць працу на месцах, праз адвакацыю, інфармаванне МЗСаў… Таму я лічу, што гэта нашая агульная праца і нашыя агульныя вынікі. З самага пачатку ў гэтых працэсах задзейнічаны і Аб’яднаны Пераходны Кабінет увогуле, і каманда Паўла Латушкі, і Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, і Офіс Святланы Ціханоўскай, і іншыя».
📌 «Мы за дэмакратыю, за розныя меркаванні, за тое, каб мы ўсе вучыліся жыць у гэтым плюралізме меркаванняў, адно аднаго слухалі, рабілі свае высновы. Гэта не значыць, што павінны ва ўсім адно з адным пагаджацца.
Я ж лічу, што працуе такая камбінацыя: каб была падстава для перамоў, павінен быць ціск. Ніхто не прыйдзе з табой размаўляць, калі не будзе ціску. Тут я салідарызуюся з Паўлам Паўлавічам Латушкам. Павінен быць «гібрыдны фармат»: ціснем – і потым размаўляем. Бо інакш не будзе нагоды для размоў».
@CabinetBelarus
