Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Лукашэнка толькі прызнае, што бачыць у АПК альтэрнатыву яго незаконнаму кіраванню»

2025-07-09

– Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка пракаментаваў рашэнне Вярхоўнага суда рэжыму Лукашэнкі прызнаць Кабінет «тэрарыстычнай арганізацыяй»:

«Рашэнне рэжыму Лукашэнкі аб’явіць АПК "тэрарыстычнай арганізацыяй" – гэта паказчык страхаў дыктатара і важнасці працы Кабінета як інстытута дэмакратычных сіл.

Намагаючыся дыскрэдытаваць нас, Лукашэнка толькі прызнае, што бачыць у АПК альтэрнатыву яго незаконнаму кіраванню. Ён спрабуе знішчыць гэтую альтэрнатыву, спрабуе атакаваць нашыя інстытуты, але ў чарговы раз паказвае, хто з’яўляецца сапраўднай тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта яго рэжым. І адказнасць за пераслед беларусаў, за злачынствы непазбежная.

З аднаго боку, гэтае дзеянне накіравана на тое, каб абмежаваць магчымасці Кабінета ўзаемадзейнічаць з беларусамі, з іншага боку – гэта спроба абмежаваць магчымасці падтрымкі нашай дзейнасці з боку міжнародных партнёраў. Адначасова спецслужбы павысілі мяжу свайго процідзеяння членам Кабінета як асобам, што ўваходзяць у так званую тэрарыстычную арганізацыю. Гэта важна прымаць нашым партнёрам да ўвагі. Мы яшчэ раз звяртаемся да ўрадаў усіх краін (за выключэннем Літвы, якая ўжо зрабіла гэты крок): гэта чарговы прыклад пераследу, здзейсненага экстэрытарыяльна. Гэта пераслед беларусаў за мяжой за абсалютна легальную палітычную дзейнасць у рамках заканадаўства краін-чальцоў ЕС – і на гэта неабходна рэагаваць прававымі метадамі. Важна падтрымаць зварот Урада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд аб адказнасці Лукашэнкі за трансгранічныя злачынствы.

Перакананы, што прызнанне з боку рэжыму Лукашэнкі АПК так званай тэрарыстычнай арганізацыяй ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Аб'яднанага Пераходнага Кабінета як выканаўчага органа на чале са Святланай Ціханоўскай. Дзейнасць АПК накіравана на тое, каб Беларусь была вольнай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай. Гэта не паўплывае на маю дзейнасць, а таксама на дзейнасць маіх калег і каляжанак па Кабінеце».

@CabinetBelarus

Main carousel image