Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Запуск электроннай сістэмы падачы заяў для легалізацыі ў Польшчы адбудзецца восенню

2025-07-05

– 4 ліпеня ў Варшаве адбылося II пасяджэнне рабочай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў ў Польшчы пры Міністэрстве ўнутраных спраў, на чале з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.

Беларускі бок узначальваў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Арцём Праскаловіч, кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская.

Павел Латушка звярнуў увагу Томаша Цытрыновіча на ўзнаўленне практыкі выкарыстання рэжымам Лукашэнкі механізмаў INTERPOL для пераследу беларускіх актывістаў за мяжой. Дадзеная інфармацыя будзе накіраваная Галоўнаму каменданту паліцыі і міністру юстыцыі Польшчы для ўліку ў паўсядзённай практыцы пры прыняцці рашэнняў.

Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку, што ў найбліжэйшы час будуць унесеныя змены ў Закон Польшчы «Аб іншаземцах», якія дазволяць увесці ў эксплуатацыю электронную сістэму падачы заяў (MOS), што дазволіць істотна скараціць колькасць этапаў пры падачы дакументаў і час чакання выдачы рашэнняў па міграцыйных пытаннях. Плануецца, што запуск сістэмы адбудзецца восенню і будзе суправаджацца шырокай інфармацыйнай кампаніяй, каб падрыхтаваць заяўнікаў да працы з парталам.

Адначасова па прапановах беларускага боку ў рабочай групе па пытаннях легалізацыі беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, падрыхтаваны пакет прапаноў аб наступных зменах названага Закона, якія прадугледжваюць, у тым ліку:

▪️павелічэнне першапачатковага тэрміну дзеяння часовага пасведчання асобы (tymczasowe zaświadczenie tożsamości cudzoziemca) з трох да шасці месяцаў;

▪️наданне падарожнаму дакументу (dokument podróży) статусу дакумента, які пацвярджае асобу.

Таксама была абмеркаваная палітыка польскіх міграцыйных службаў у пытанні разгляду заяў згодна з нормамі Дублінскага Рэгламенту.

Таксама беларускім бокам былі прадстаўлены праблемныя справы грамядзян Беларусі па пытаннях легалізацыі ў Польшчы. Польскі бок запэўніў, што ўсе ўнёскі разглядаюцца індывідуальна і рэкамендаваў дадаваць да першапачатковай заявы максімальную колькасць дакументаў, якія б дазволілі прымяніць палажэнні Дублінскага Рэгламенту (медычныя дакументы, дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва і г.д.).

Напрыканцы Павел Латушка перадаў шэраг кейсаў беларускіх былых палітвязняў, якія патрабуюць пільнай увагі і максімальна хуткага разгляду пытання іх легалізацыі ў Польшчы.

@CabinetBelarus

Main carousel image