«Моладзі шмат што пад сілу, калі ёй не перашкаджаюць» – Марго Ворыхава пра ўдзел моладзі ў пабудове дэмакратычнай Беларусі
2025-07-04
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета распавядае пра ўдзел у дыскусіі «A Youth Agenda for Democracy and Human Rights in Belarus», арганізаванай Моладзевым дэпартаментам Рады Еўропы сумесна з Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» ў Еўрапейскім моладзевым цэнтры ў Страсбургу:
«Для мяне гэтая сустрэча стала магчымасцю не толькі абмеркаваць ідэі, але і пачуць, чым жыве беларуская моладзь сёння. Асноўная тэма – як захоўваць актыўнасць і годнасць у краіне, дзе гэта становіцца ўсё больш небяспечным.
Разам з прадстаўнікамі Рады Еўропы, Кантактнай групы па Беларусі, беларускай дэлегацыяй у ПАРЕ, моладзевымі арганізацыямі і экспертамі мы абмяркоўвалі, як уключаць беларускія моладзевыя ініцыятывы ў агульнаеўрапейскія праграмы, якія механізмы падтрымкі патрэбныя тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся.
Сярод тэм былі і новыя выклікі: выкарыстанне штучнага інтэлекту, дыскрымінацыя беларускай мовы і культуры, расійскія гранты і стыпендыі як інструмент уплыву, а таксама папулярнасць паўднёвакарэйскай культуры ў моладзевым асяроддзі.
Прагучала некалькі важных пасылаў ад моладзевых арганізацый: “Мы гатовыя працаваць – але хочам бачыць, што нам давяраюць”, “Нам патрэбныя партнёры, а не патроны”. І галоўнае – моладзі шмат што пад сілу, калі ёй не перашкаджаюць.
Адным з асноўных арганізатараў мерапрыемства выступіла “РАДА”, і я хачу падкрэсліць: яе праца надзвычай важная для захавання сувязей і падтрымкі людзей у самых розных умовах.
Я перакананая: дэмакратычныя сілы павінны быць рэсурсам для моладзі, а не сістэмай іерархіі. Мы гатовыя дзяліцца пляцоўкамі, ведамі і магчымасцямі – каб рабіць разам, а не замест»
@CabinetBelarus
