« Актыў дэмакратычных сіл – менавіта жанчыны »
2025-07-03
На міжнародным форуме «Пашырэнне праў і магчымасцей жанчын і дэмакратыя для Беларусі», што нядаўна адбыўся ў Стакгольме, абмеркавалі, чаму беларускую рэвалюцыю 2020 года многія называюць жаночай, што не можа дараваць жанчынам аўтарытарны рэжым у Беларусі, правадыр якога называе сябе «жаночым прэзідэнтам», колькі жанчын падпала пад палітычны пераслед і ці гатовае беларускае грамадства да жаночага лідарства.
Выданне «Салідарнасць» сабрала выказванні прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх дэмакратычных сіл на гэтую тэму:
Святлана Ціханоўская, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:«Гендарная роўнасць – не чужая ідэя, не запазычаная з-за мяжы. Гэта патрабаванне беларускага народа, народжанае нашым болем.
Быць жанчынай у Беларусі складана, быць жанчынай у палітыцы – яшчэ складаней, я гэта ведаю на ўласным досведзе. Наша аўтарытарнае грамадства вучыць жанчын маўчаць, не высоўвацца, не выдзяляцца. Нам шмат разоў казалі, што месца жанчыны – на кухні. Я нічога не маю супраць кухні, але я ведаю, што мы здольныя на значна большае. Асабліва, калі мы разам».
Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай:«У будучыні, на маю думку, беларускае грамадства гатовае да жанчын-лідарак. Я прысутнічаю на пасяджэннях Кабінета, дзе бальшыня мужчын, але ж Святлана Ціханоўская кіруе, раздае задачы, яе слухаюць і паважаюць.
Я лічу, пасля 2020 года беларусы пасталелі ў гэтым сэнсе вельмі хутка, хоць гэтую спеласць мы атрымалі, безумоўна, «дзякуючы» траўматычнаму досведу. Таму мы гатовыя.
Аднак ёсць вялікая праблема – рэпрэсіі. Рэжым выкарыстоўвае самыя несумленныя механізмы, каб націснуць на жанчын, змусіць іх адмовіцца ад удзелу ў палітыцы – часта праз дзяцей, праз сем’і, праз маральны ціск. Актыў дэмакратычных сіл – менавіта жанчыны».
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:«У палітыцы вельмі не хапае жанчын – і ў беларускім, і нават у еўрапейскім асяроддзі. А тыя жанчыны, якія ёсць, сутыкаюцца з неверагоднымі бар’ерамі, кшталту крытыкі з боку грамадства, велізарнымі нападкамі, нават гвалтам, з ацэнкай знешнасці, а не кампетэнцый – і гэтак штодня.
Для мяне, напрыклад, 2020 год быў такім паказнікам: у Беларусі магчымае лідарства жанчын, але грамадства да гэтага не на 100% гатовае. Беларусак гатовыя прызнаваць як сімвалы барацьбы, свабоды і перамогі, але не як тых, хто будзе браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні. Мы і сёння бачым гэта ў каментарыях у медыя, у абясцэньванні экспертнасці жанчын, нават у прадстаўленасці жанчын, якіх менш запрашаюць як спікерак (асабліва па тых напрамках, якія лічацца «гістарычна мужчынскімі», кшталту пытанняў бяспекі)»
@CabinetBelarus





