Рэжым Лукашэнкі як саюзнік Расіі: пагроза для Еўропы
2025-07-01
«Рэжым Лукашэнкі дзейнічае супраць волі беларускага народа, навязваючы гэтую "інтэграцыю" з Расіяй і падрыхтоўку да вайны сілаю і рэпрэсіямі», – падкрэсліў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы ў Каледжы Еўропы з каля 40 маладых дыпламатаў з МЗС краін-чальцоў ЕС і краін-кандыдатаў у ЕС.
Каледж Еўропы, створаны па ініцыятыве Гаагскага кангрэса, вядзе сваю гісторыю з 1949 года і з’яўляецца найстарэйшай вышэйшай навучальнай установай, якая спецыялізуецца на еўрапейскіх даследаваннях. Асноўная ідэя яго стварэння палягала ў заснаванні інстытута, дзе выпускнікі ўніверсітэтаў з розных еўрапейскіх краін маглі б разам вучыцца, рыхтуючыся да кар’еры, звязанай з еўрапейскім супрацоўніцтвам і інтэграцыяй.
1 ліпеня Павел Латушка ў якасці спецыяльнага госця правёў лекцыю на тэму «Рэжым Лукашэнкі як саюзнік Расіі: пагроза для Еўропы» ў Каледжы Еўропы для маладых еўрапейскіх дыпламатаў.
Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў: «Шмат хто дагэтуль лічыць, што Лукашэнка – "закладнік Крамля", што ён дзейнічае пад ціскам. Гэта небяспечная ілюзія. Яна не толькі скажае рэальнасць, але і перашкаджае належнай ацэнцы рызыкаў, адкрываючы шлях да паўтарэння старых памылак. Лукашэнка не ахвяра. Ён паўнавартасны, свядомы партнёр і актыўны саўдзельнік агрэсіі Крамля, які добраахвотна прадастаўляе тэрыторыю і рэсурсы Беларусі для вайны».
Падчас выступлення Павел Латушка, спасылаючыся на аналітычны даклад НАУ «Саюзная дзяржава як інструмент імперскай палітыкі Расіі», адзначыў, што так званая Саюзная дзяржава адыгрывае ключавую ролю ў агрэсіўнай палітыцы Расіі і з’яўляецца інструментам імперскай стратэгіі Масквы.«Перш за ўсё важна зразумець сапраўдную прыроду так званай "Саюзнай дзяржавы". Гэта не раўнапраўнае аб’яднанне дзвюх суверэнных краін. Гэты праект – толькі фасад, юрыдычнае прыкрыццё расійскай імперскай стратэгіі. Яго сапраўдная мэта – фактычнае паглынанне Беларусі, падрыў яе суверэнітэту і незалежнасці.
І менавіта Лукашэнка актыўна спрыяў ператварэнню гэтага праекта ў інструмент знішчэння суверэнітэту Беларусі, крок за крокам здаючы нацыянальныя інтарэсы пад дыктоўку Крамля дзеля захавання асабістай улады.
І цяпер мы назіраем, як рэжым Лукашэнкі стаў інструментам агрэсіі. Менавіта з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну».
Таксама Павел Латушка, спасылаючыся на аналітычны даклад НАУ «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымай вайны на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні такога сцэнарыя», прадставіў канкрэтныя крокі, што сведчаць пра сістэмную падрыхтоўку да вайны:
– трансфармацыя палітыка-прававой сістэмы;
– мадэрнізацыя ўзброеных сіл;
– перавод эканомікі на ваенныя рэйкі;
– паглыбленае вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй;
– будаўніцтва інфраструктуры для вайны;
– ідэалагічная мабілізацыя і татальны кантроль.
«Надзвычай важна ўсвядоміць: гэтая падрыхтоўка да вайны – не выбар беларускага народа. Нашы грамадзяне жадаюць бачыць Беларусь незалежнай, суверэннай, мірнай краінай, інтэграванай у еўрапейскую прастору, а не ўдзельніцай чужых войнаў», – падкрэсліў Павел Латушка.
Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама падзяліўся канкрэтнымі рэкамендацыямі, якія дапамогуць пазбегнуць памылак 2022 года, распавёў пра масавыя рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі, і пра выразную структуру дэмсіл краіны, якія дзейнічаюць як альтэрнатыва рэжыму Лукашэнкі ў многіх сферах.
📌 Асноўныя тэзісы выступлення Паўла Латушкі даступныя на сайце НАУ.
@CabinetBelarus
