Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларусь у цэнтры ўвагі Рады Еўропы

2025-06-25

24 чэрвеня ў Страсбургу адбылося пасяджэнне Кантактнай групы беларускіх дэмакратычных сіл і Рады Еўропы. Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, Офіса Святланы Ціханоўскай, СМІ, праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці абмеркавалі з кіраўніцтвам структур РЕ выкананне двухгадовай праграмы супрацоўніцтва.

Так, у межах праграмы праводзілася падрыхтоўка беларускіх юрыстаў, адбываліся стажыроўкі ўдзельнікаў кадравага рэзерва дэмакратычных сіл для вывучэння прынцыпаў і механізмаў мясцовага самакіравання, прайшлі мерапрыемствы, звязаныя з вывучэннем стандартаў гендэрнай роўнасці РЕ.

Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Уладзімір Астапенка па выніках удзелу ў пасяджэнні:

«Абодва бакі адзначылі, што мерапрыемствы ў галіне абароны правоў чалавека, свабоды СМІ і моладзевай палітыкі спрыяюць прасоўванню стандартаў РЕ і стварэнню ўмоў для пабудовы дэмакратычнай Беларусі. Важна таксама падкрэсліць, што Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсе назваў фармат Кантактнай групы "сігналам беларусам і свету пра тое, што перамены непазбежныя нават там, дзе адмаўляюць дэмакратыю і ўціскаюць правы чалавека". Ён таксама асабліва адзначыў, што, хоць "шлях можа быць доўгім, падтрымка новай свабоднай Беларусі з боку Рады Еўропы непахісная"».

Беларусь — адзіная краіна кантынента, якая не стала членам Рады Еўропы. У сакавіку 2022 года супраца РЕ з рэжымам Лукашэнкі была прыпынена з-за падтрымкі агрэсіі Расіі супраць Украіны, тады ж Расія была пазбаўлена членства ў РЕ.

У якасці альтэрнатывы рашэннем Камітэта Міністраў РЕ была створана Кантактная група па супрацоўніцтве паміж Радай Еўропы, дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. 

Кантактная група працуе на прынцыпах празрыстасці ва ўзаемадзеянні з шырокім колам грамадскіх ініцыятываў Беларусі. Яе пасяджэнні праводзяцца на рэгулярнай аснове два разы ў год.

У Раду Еўропы ўваходзяць 46 краінаў, якіх аб’ядноўвае прыхільнасць прынцыпам дэмакратыі, правам чалавека і фундаментальным еўрапейскім каштоўнасцям. Гэтыя краіны абавязаны паважаць правы людзей, якія знаходзяцца пад іх юрысдыкцыяй, у тым ліку беларусаў, якія аказаліся на іх тэрыторыі.

@CabinetBelarus

Main carousel image