«Кожнае вызваленне — гэта не фінал, а напамін, за што мы трымаемся і чаму працягваем»
2025-06-21
Каментар прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольгі Зазулінскай з нагоды вызвалення групы палітвязняў
«Сёння вызвалены 14 чалавек, сярод іх і знакавыя дзеячы дэмакратычнай апазіцыі. Гэта вялікая і далікатная падзея — калі чалавек выходзіць з турмы пасля доўгага зняволення. Вельмі хочацца, каб у іх быў час аднавіцца, пабыць з тымі, хто чакаў, адчуць спакой і волю, пабыць дома.
Мяркуючы па тым, што мы ведаем — усе вызваленыя тут жа адпраўлены з Беларусі за мяжу. Таму наўрад ці ім ўдалося пабыць дома. Па-сутнасці мы маем справу з прымусовай дэпартацыяй, у абмен на свабоду. Але на волі лепш, чым у турме. Гэта думка мяне суцяшае.
Пры гэтым, мы не забываем: цяпер у зняволенні застаецца як мінімум 1300 чалавек, чые імёны вядомыя праваабаронцам. Арыштамі працягваюць запаўняць турмы. Боль не знік. Таму кожнае вызваленне — гэта не фінал, а напамін, за што мы трымаемся і чаму працягваем.
Нас можа задаволіць па-сапраўднаму толькі поўнае вызваленне ўсіх палітвязняў, іх поўная рэабілітацыя і спыненне рэпрэсій у Беларусі. Працяг пераследу не выгадны нікому. Мяркую, і прадстаўнікі рэжыму гэта добра разумеюць».
@CabinetBelarus
