Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Мы ўжо частка еўрапейскай супольнасці. У сотняў тысяч беларусаў ёсць палітычная ідэнтычнасць — і яна патрабуе прадстаўніцтва

2025-06-19

«Беларускі бізнес, вымушаны пакінуць Радзіму праз беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, не стаў цяжарам для Еўрапейскага саюза. Наадварот — ён ператварыўся ў каштоўны актыў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Згодна з данымі польскага Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў «Беларускі бізнес-барометр (сакавік 2025 года)», па стане на пачатак 2025 года ў ЕС зарэгістравана больш за 9300 прадпрыемстваў з беларускімі акцыянерамі (73% з іх былі заснаваныя ў 2020–2024 гг.), а таксама больш за 20 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, створаных беларусамі ў розных краінах Еўрасаюза.

Амаль 80% усіх прадпрыемстваў з беларускімі акцыянерамі былі зарэгістраваныя ў Польшчы (каля 7400 фірмаў). На другім месцы — Літва (прыкладна 9% або звыш 800 кампаній).

Беларускі бізнес у ЕС стварыў не менш за 25 800 працоўных месцаў — пераважна ў Польшчы і Літве. Гэтыя працоўныя месцы адкрыты і беларускіх спецыялістаў, і для грамадзян ЕС, што спрыяе змяншэнню беспрацоўя і стымулюе эканамічны рост. Толькі на польскім рынку кампаніі з беларускімі акцыянерамі згенеравалі больш за 2 мільярды еўра даходу ў 2023 годзе — істотны ўнёсак у ВУП краіны.

Беларускія мігранты, асабліва з IT-сферы, валодаюць высокім узроўнем адукацыі (да 90% — з вышэйшай адукацыяй) і багатым прафесійным досведам (94% працавалі больш за 5 гадоў). Гэты прыток кваліфікаваных кадраў дапамагае закрываць дэфіцыт спецыялістаў у краінах ЕС і развіваць інавацыі.

Тысячы створаных кампаній, дзясяткі тысяч працоўных месцаў, мільярды еўра даходу і моцны чалавечы капітал — гэта рэальны і бачны ўнёсак беларускага бізнесу ў эканоміку ЕС. Падтрымліваючы гэты бізнес і ствараючы спрыяльныя ўмовы для яго развіцця, Еўрасаюз не толькі дэманструе прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям, але і стратэгічна інвестуе ў эканамічнае развіццё і бяспеку Еўропы, умацоўваючы еўрапейскі інавацыйны патэнцыял.

Гэта супрацоўніцтва — яскравы прыклад таго, як «розум і таленты», што ўцякаюць ад дыктатуры, становяцца рухавіком росквіту свабодных грамадстваў.

«Беларусы інтэгруюцца, працуюць, плацяць падаткі, уносяць уклад у эканоміку краін ЕС. І яны маюць патрэбу ў прадстаўніцтве, у голасе, які будзе чутны як на нацыянальным, так і на еўрапейскім узроўні.

Большасць беларусаў, якія пражываюць у ЕС, хочуць, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай і, безумоўна, захавала сваю незалежнасць. І гэта ўжо ўнутраны запыт да ЕС ад беларусаў, якія з’яўляюцца часткай еўрапейскага грамадства.

Падтрымка дэмакратычнай інфраструктуры — гэта не проста жэст салідарнасці. Гэта прызнанне факта: у сотняў тысяч беларусаў ёсць палітычная ідэнтычнасць — і яна патрабуе прадстаўніцтва. Мы ўжо частка еўрапейскай супольнасці. І гэта ўжо не дапамога, а абгрунтаванае права беларусаў у ЕС разлічваць на падтрымку»
, — падсумаваў Павел Латушка.

Main carousel image