Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Жаночы форум у Стагкольме: гендарная роўнасць — падмурак дэмакратыі

2025-06-17

У Стакгольме завяршыўся форум «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025». У другі дзень прайшло некалькі панэляў, сярод якіх «Жанчыны як рухаючая палітычная і сацыяльная сіла ў Беларусі: выклікі і ўрокі» і «Шляхі далейшага пашырэння правоў жанчын і ўдзелу ў жыцці краіны: палітычныя рашэнні і іх рэалізацыя».

На пачатку другога дня працы форума выступіла кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, якая адзначыла важны прыярытэт:
«Мы хочам пабудаваць Беларусь, дзе жанчыны лідзіруюць, прымаюць рашэнні і вызначаюць будучыню. Пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын — не толькі агульнаеўрапейская каштоўнасць, але і беларуская. Гендарная роўнасць — гэта не чужая ідэя. Яна не «запазычаная» з-за мяжы. Гэта патрабаванне беларускага народа, народжанае беларускім болем і прасунутае беларускімі жанчынамі».


У форуме таксама прыняла ўдзел прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Кабінета Маргарыта Ворыхава, якая так пракаментавала беларускую сітуацыю з гендарнай роўнасцю і перспектывамі яе дасягнення:
«На Форуме ў Стакгольме я гаварыла пра ролю жанчын у беларускім дэмакратычным руху. Яны вядуць групы падтрымкі, арганізуюць салідарнасць, каардынуюць адвакацыю і адукацыю, часта бясплатна і нябачна, сумяшчаючы з працай і жыццём у эміграцыі ці пад пагрозай. Гэта не «дапамога», а аснова руху. Патрэбныя фінансы, бачнасць, палітычны доступ і інфраструктура клопату. Хопіць рамантызаваць — патрэбныя інвестыцыі».


Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская падкрэсліла вялікі ўнёсак у справу пабудовы будучай дэмакратыі ў Беларусі ўсіх, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення жаночага форума ў Стакгольме. Паводле Зазулінскай, дэмакратычнае грамадства не пабудаваць без роўных правоў і магчымасцяў:
«У Беларусі мы пакуль не можам прымаць законы, але ёсць падрыхтаваны законапраект аб гендарнай роўнасці — вынік экспертнай працы, гатовы да рэалізацыі пры палітычнай магчымасці. Ён служыць арыенцірам. Аднак гендарная тэматыка слаба прадстаўлена на форумах, у палітычных структурах і рыторыцы. Гендар павінен быць скразной тэмай, а не толькі «жаночым пытаннем», бо гэта пра правы чалавека. Патрэбны даследаванні, падтрымка дакументаў, уключэнне гендару ў павестку, індыкатары і сістэмная інфраструктура».


Падчас форума прэзентаваны канцэпцыі гендарных рэформ у Беларусі, а таксама законапраекта аб гендарнай роўнасці, падрыхтаваных некалькімі экспертнымі групамі. Апроч таго Святлана Ціханоўская і міністарка замежных справаў Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард абвясцілі пра запуск праграмы жаночага лідарства. Праграма, падтрыманая Швецыяй, абрала 10 беларусак — журналістак, актывістак, праваабаронцаў і дзяячак культуры — для інтэнсіўных трэнінгаў і сустрэч за мяжой.

@CabinetBelarus

Main carousel image