У Стакгольме пачаўся форум па пашырэнні правоў жанчын і дэмакратыі ў Беларусі
2025-06-16
У Стакгольме адкрыўся міжнародны форум «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025». Суарганізатарамі мерапрыемства выступаюць МЗС Швецыі, SIDA, арганізацыя International IDEA і Каманда па гендарнай роўнасці і ўразлівых групах прадстаўніцтва па сацпалітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
З вітальным словам на адкрыцці форума выступіла кіраўніца Кабінета, нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, якая адзначыла выключна важную ролю жанчын у падзеях 2020 года. Многія, як Марыя Калеснікава і Кацярына Андрэева, усё яшчэ знаходзяцца ў турме па надуманых абвіначаваннях.
У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 100 гасцей — прадстаўнікоў экспертнай супольнасці, даследчыцкіх і палітычных колаў, грамадскіх арганізацый, міжнародных фондаў і НКА, міністэрстваў і амбасадаў краін ЕС. Сярод іх прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская, яе намеснік Станіслаў Салавей, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, кіраўнік апарата Кабінета Валерый Мацкевіч.
Падчас форуму 16-17 чэрвеня пройдуць прэзентацыі і абмеркаванні двух дакументаў па канцэпцыях гендэрных рэформ у Беларусі, а таксама законапраекта аб гендарнай роўнасці, падрыхтаваных некалькімі экспертнымі групамі. На панэльных дыскусіях будуць закрануты пытанні ўзмацнення жаночага палітычнага лідэрства і ўдзелу, як мужчыны могуць гэтаму садзейнічаць і прасоўваць гендэрныя пытанні, якія палітычныя інструменты і рашэнні можна выкарыстоўваць для імплементацыі іх, а таксама як павысіць дасведчанасць аб праблеме хатняга гвалту і іншых форм гвалту супраць жанчын, і што можна зрабіць у бягучай сітуацыі ў/ для Беларусі.
Адна з суарганізатарак форума Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, так выказалася пра актуальнасць мерапрыемства:«Для кагосьці гэта можа здацца ілюзорным, але я ўпэўнена, што сёння ўсе мы — палітычныя і грамадзянскія актывісты, дэмакратычныя сілы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мноства розных людзей, якія працуюць і дзейнічаюць дзеля дэмакратычнай свабоднай Беларусі — значна бліжэй да нашай еўрапейскай будучыні, чым можа здацца. І набліжаць гэтую будучыню, у прыватнасці, праз прасоўванне каштоўнасцяў правоў чалавека, гендэрнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын — нашая значная місія».
@CabinetBelarus



