Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Чэхія выступае за працяг санкцыйнага ціску ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі да таго часу, пакуль ён не зменіць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку

2025-06-14

У Празе адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі Янам Марыянам. На сустрэчы таксама прысутнічала кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл у Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.

Падчас сустрэчы абмеркаваны:
– падтрымка дэмакратычнага руху Беларусі і інстытутаў дэмакратычных сіл;
– унутрыпалітычная сітуацыі ў Беларусі, працяг рэпрэсій у дачыненні да беларускага грамадства з боку рэжыму Лукашэнкі;
– рост ціску на дэмакратычныя інстытуты, ініцыятывы і актывістаў з боку рэжыму Лукашэнкі;
– падыходы да вызвалення палітычных зняволеных;
– вынікі пасяджэння кансультатыўнай групы «Беларусь-ЕС» у Бруселі;
– падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да вайны і вучэнняў «Захад-2025»;
– прававы пераслед прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі;
– санкцыйная палітыка ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Падчас сустрэчы Павел Латушка закрануў тэму фарміравання адзінага падыходу сярод краін ЕС аб прыярэтызацыі расследавання экстратэрытарыяльных злачынстваў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў межах Міжнароднага крымінальнага суда. Чэшскаму боку перададзены адпаведныя матэрыялы з просьбай падтрымаць Урад Літвы і працу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, накіраваную на расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці ў адносінах да беларусаў у рамках Міжнароднага крымінальнага суда.

Прадстаўнік Чэхіі адзначыў, што Урад Чэхіі працягне ўзмацняць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай дасягнення зменаў унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі.

Асобна чэшскі бок зацікавіла інфармацыя аб перабудове эканомікі Беларусі на ваенныя рэйкі, а таксама падрыхтоўцы рэжыму Лукашэнкі да вайны. Павел Латушка перадаў прадстаўніку Чэхіі даклад «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя», падрыхтаваны НАУ.

Намеснік міністра замежных спраў Чэхіі падкрэсліў прынцыповую пазіцыю Чэхіі па падтрымцы дэмакратычных інстытутаў, якія працягвае дзейнічаць у інтарэсах свабоды і дэмакратыі, змены сітуацыі ў Беларусі. Таксама Ян Марыян адзначыў, што ў сувязі з маючымі адбыцца ў кастрычніку гэтага года выбарамі ў Чэхіі ён сыходзіць з падыходу, што ў Чэхіі існуе панадпартыйная згода па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, таму па выніках выбараў палітыка Чэхіі ў дачыненні да падтрымкі дэмсілаў Беларусі не павінна змяніцца.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай да чэшскага боку ў выпадку ўвядзення санкцый прадугледжваць выключэнні, якія дазволяць ажыццяўляць разлікі фізічным асобам-грамадзянам Беларусі. Напрыклад, для атрымання пенсій ці дапамогі. Прадстаўнік МЗС Чэхіі адзначыў, што Чэхія падтрымае дадзены падыход пры прымяненні санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Важна адзначыць, што суразмоўцы падчас перамоваў з двух бакоў выкарыстоўвалі беларускую мову.

@CabinetBelarus

Main carousel image