Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Кабанчук: «Адцягванне ўвагі ЗША можа выклікаць рэакцыю з боку Расіі»

2025-06-13

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, пракаментаваў наступствы вайны на Блізкім Усходзе для бяспекі рэгіёна і Беларусі:

«На Блізкім Усходзе пачалася эскалацыя, якая можа перарасці з небяспечнай сітуацыі ў рэгіянальную вайну. Які ўплыў гэта можа мець на наш рэгіён? Найперш – гэта адцягванне ўвагі ключавога гульца і ключавога саюзніка Украіны, Злучаных Штатаў Амерыкі.

Мы ведаем, што амаль палова замежнай дапамогі для падтрымкі Украіны пастаўляецца менавіта з боку ЗША. Цяпер, калі на Блізкім Усходзе ідзе вайна, відавочна, што частка гэтай дапамогі будзе пераарыентаваная туды, на гэты кірунак. Пра гэта ўжо была заява амерыканскага кіраўніцтва.

Асноўная небяспека палягае ў тым, што дзве краіны, якія ўцягнуліся ў вайну паміж сабой, валодаюць ядзернай зброяй. Ізраіль – гэта ўжо, так бы мовіць, сакрэт Палішынеля, што ў яго ёсць ядзерная зброя. Іран, відавочна, наблізіўся да валодання ёй, вырабіў некаторыя ядзерныя зарады, што і справакавала ўдар Ізраіля па ім.

Відавочна, што адцягванне ўвагі ключавога хаўрусніка Украіны – ЗША – на Блізкі Усход можа выклікаць рэакцыю з боку Расіі, развязаць ёй рукі для нарошчвання эскалацыі ў нашым рэгіёне і для магчымых правакацый і праекцыі сілы на іншыя краіны – у тым ліку краіны Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі».

@CabinetBelarus

Main carousel image