Кабанчук з GLOBSEC: «У бяспекавым кантэксце Беларусь не застаецца ўбаку»
2025-06-12
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, – пра ўдзел ў GLOBSEC Forum 2025, які праходзіць з 12 па 14 чэрвеня ў Празе пад патранатам прэзідэнта Чэхіі Пятра Паўла і чэшскага Міністэрства замежных спраў:
«На форуме GLOBSEC у Празе сабраліся прадстаўнікі больш за 70 краін. Нас найперш цікавяць краіны нашага рэгіёна, нашыя найбліжэйшыя суседзі. Мы бачым, што ў дынамічна зменлівым свеце ўсё часцей узнікаюць новыя, пакуль што нефармальныя саюзы, кааліцыі, партнёрствы. Узмацняецца разуменне таго, што бяспека залежыць не толькі ад глабальных гульцоў, але і ад тых, хто непасрэдна побач.
Асабліва цяпер, калі відаць, што новая адміністрацыя ЗША ўзяла курс на частковую ізаляцыю, рэгіянальнае супрацоўніцтва становіцца яшчэ больш значным. Усё, што датычыцца вайны ва Украіне і падтрымкі Украіны, – у цэнтры ўвагі гэтага форуму. Усе разумеюць, якую пагрозу стварае гэтая вайна для рэгіёна і ўсёй Еўропы.
І для нас, беларусаў, асабліва важна, што беларуская тэма тут таксама гучыць. Адбылася асобная беларуская панэль, і мы бачым, што яна прыцягвае ўвагу. У бяспекавым кантэксце Беларусь не застаецца ўбаку. Наша задача – узмацняць гэтую ўвагу, павышаць ролю дэмакратычных сілаў і нашых інстытуцый у рэгіянальным дыялогу. Мы павінны прасоўвацца далей – і як частка кааліцыі салідарнасці, і як народ, які дбае пра супольную бяспеку».
@CabinetBelarus
