Падтрымка для беларусаў. Вынікі 5-га пасяджэння Кансультатыўнай групы ў Бруселі
2025-06-12
У сталіцы Бельгіі завяршылася 5-ае пасяджэнне Кансультатыўнай групы Еўрасаюза па Беларусі. З беларускага боку традыцыйна ўдзел узялі палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, сярод якіх — Павел Латушка, Таццяна Хоміч, Уладзімір Астапенка, Іван Краўцоў, Арцём Брухан, Вольга Зазулінская, Аляксандра Мамаева і іншыя.
Што важна ведаць?
Акрамя глабальных тэмаў — вызваленне палітвязняў, сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай — абмяркоўвалі больш практычныя, на якія ёсць запыт у беларусаў:
1️⃣ Выдача шматразовых шматгадовых шэнгенскіх візаў. Паколькі рэжым скараціў колькасць консульскіх працаўнікоў, краінам Шэнгена складана павялічыць колькасць візаў. Разам з тым можна выдаваць шматгадовыя візы, што здыме нагрузку з кансулатаў. Чыноўнікі Еўрасаюза запэўнілі: для беларусаў збольшага працягнуць дзейнічаць спрошчаныя ўмовы атрымання візаў — і не будуць уведзеныя абмежаванні, як у дачыненні да расіянаў.
2️⃣ Легалізацыя ў ЕС: дамовіліся выпрацаваць супольны пакет рэкамендацыяў для краінаў ЕС па вырашэнні праблемаў з легалізацыяй.
3️⃣ Падтрымка для незалежных медыя і рэпрэсаваных. На фоне скарачэння замежнай дапамогі Еўрасаюз пераразмеркаваў рэсурсы, каб падтрымаць незалежныя беларускія медыя. Да кастрычніка будзе распрацаваны дакумент «Ацэнка патрэбаў» для прыярытэзацыі напрамкаў, якім патрэбная дапамога. Таксама Еўрасаюз працягне падтрымку рэпрэсаваных, у тым ліку рэабілітацыю — толькі за апошні час праз праваабарончыя арганізацыі дапамогу ЕС атрымалі каля 300 чалавек.
4️⃣ Стыпендыі. За апошні год ЕС падтрымаў больш за 1000 студэнтаў стыпендыямі, абменамі, магчымасцямі навучання, а таксама стажыроўкамі ў розных краінах Еўропы.
5️⃣ Выключэнні з санкцыяў. ЕС гатовы разглядаць мэтавыя выключэнні з санкцыяў, уведзеных супраць рэжыму за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гэта дазволіць мінімізаваць наступствы для грамадзянскай супольнасці, перш за ўсё — у гуманітарных выпадках.
