Астапенка: «Падтрымка Беларусі павінна грунтавацца на адкрытасці і выразных прыярытэтах»
2025-06-11
Уладзімір Астапенка, прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета, падчас пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС» 11 чэрвеня ў Бруселі акрэсліў пазіцыю Кабінета ў працэсе ацэнкі патрэбаў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі:
«Ацэнка патрэбаў (Needs Assessment) – гэта інструмент, праз які Еўрапейскі саюз вызначае, якая падтрымка патрабуецца для беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, адукацыйных і палітычных ініцыятыў. Ад гэтага працэсу залежыць, як будуць вызначацца прыярытэты міжнароднай дапамогі.
Гэта адначасова важная і адчувальная тэма. У мінулым яна выклікала пытанні наконт недастатковай празрыстасці і інклюзіўнасці. Менавіта таму неабходна забяспечыць шырокае ўключэнне дэмакратычных суб’ектаў і падтрымліваць адкрытую камунікацыю ўнутры супольнасці.
Мы вітаем устанаўленне канструктыўнага дыялогу з Еўрапейскай камісіяй, які сведчыць пра тое, што пазіцыя беларускіх партнёраў улічваецца і можа ўплываць на працэсы прыняцця рашэнняў. Адначасова адзначаем важнасць прадстаўлення вынікаў Nееds Assessment у Каардынацыйнай радзе для забеспячэння празрыстасці і выпрацоўкі агульных падыходаў.
У сённяшніх умовах падтрымка дэмакратычных перамен у Беларусі разглядаецца не толькі ў кантэксце правоў чалавека і вяршэнства права, але і як складнік палітыкі «мяккай бяспекі» ў рэгіёне. Падтрымка Беларусі павінна грунтавацца на адкрытасці і выразных прыярытэтах. Таму Needs Assessment – гэта не тэхнічная працэдура, а частка шырэйшай палітычнай стратэгіі падтрымкі перамен».
@CabinetBelarus
