Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Колькасць ахвяр міжнародных злачынстваў і грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі вымяраецца сотнямі тысяч

2025-06-11

«Аднаўленне правоў ахвяр з дапамогай міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці на дадзены момант з'яўляецца адзіным мірным сродкам змянення сітуацыі», – заявіў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас абмеркавання «Намаганні па прасоўванні прынцыпу адказнасці» ў межах 5-га пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС» у Бруселі.

Павел Латушка адзначыў, што адзін з асноўных запытаў беларусаў – адказнасць для тых, хто здзяйсняў і працягвае здзяйсняць злачынствы супраць іх. У адказ на гэты запыт група экспертаў, першапачаткова сфарміраваная ў НАУ, здолела сабраць дастатковыя доказы і абгрунтаваць, што па шэрагу злачынстваў, здзейсненых вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму супраць беларусаў, Міжнародны крымінальны суд мае юрысдыкцыю.

У верасні 2023 года быў накіраваны зварот у Міністэрства юстыцыі Літвы з дадзеным аналізам і просьбай перадаць сітуацыю з экстратэрытарыяльнымі злачынствамі, здзейсненымі рэжымам Лукашэнкі супраць беларусаў, на разгляд Офіса пракурора МКС на падставе артыкула 14 Рымскага статута.

«30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў беларускую сітуацыю на разгляд у Офіс пракурора МКС, які неадкладна пачаў папярэдні разгляд. Такім чынам, упершыню за многія гады беспакаранасці была распачата афіцыйная працэдура ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда, якая можа прывесці на першым этапе да частковага аднаўлення правоў ахвяр з Беларусі, а ў будычым і адказнасці прадстаўнікоў рэжыму. Гэта ўжо важны прамы вынік нашай працы, які дэманструе нашу эфектыўнасць і актуальнасць для чаканняў з боку беларускага грамадства».

Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама адзначыў, што беларусы, якія вымушана апынуліся па-за межамі краіны, з 1 верасня 2025 года могуць стаць ахвярамі новай рэпрэсіўнай практыкі.

«Паводле новага закона, калі бацькі, якія пастаянна пражываюць за мяжой, не маюць спецыяльных пашпартоў серыі РР, іх дзеці будуць аднесены да тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за непрысутнасці ў дзяржаўнай школе ў Беларусі. Гэтая працэдура ў канчатковым выніку прыводзіць да пазбаўлення такіх бацькоў бацькоўскіх правоў. Варта падкрэсліць, што такімі пашпартамі валодае вельмі невялікая колькасць грамадзян, а для асоб са статусам міжнароднай абароны іх атрыманне немагчымае».

Таксама Павел Латушка звярнуўся да Еўрапейскай камісіі з просьбай эфектыўна садзейнічаць працы беларускіх дэмакратычных сіл, што займаюцца пытаннямі адказнасці, у намаганнях па прыцягненні Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці – як у рамках МКС, так і праз выкарыстанне іншых даступных міжнародных механізмаў.

«Важна сфарміраваць адзінства ў падыходах да вызначэння прыярытэтаў расследавання беларускай сітуацыі ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда. Нам патрэбны ўзгоднены падыход, у першую чаргу сярод краін ЕС, на тэрыторыі якіх знаходзіцца большасць ахвяр. З гэтай мэтай мы прапануем стварыць экспертна-кансультатыўную групу, якая будзе складацца з прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі і нашых спецыялістаў, якія штодзённа займаюцца гэтым пытаннем».

Павел Латушка звярнуў увагу, што згодна з пунктам 6 Заключэння Рады ЕС па Беларусі існуе рашэнне Рады кіраўнікоў краін-членаў Еўрасаюза аб важнасці дасягнення адказнасці за злачынствы, здзейсненыя ў дачыненні да беларускага народа, што з’яўляецца падставай да мэтанакіраванай і скаардынаванай працы па кірунку адказнасці.

@CabinetBelarus

Main carousel image