Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вольга Зазулінская: «Мы ўсе ведаем, да чаго прыводзіць маўчанне і адсутнасць падтрымкі»

2025-06-11

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета выступіла падчас пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС»:

«Больш за мільён беларусаў сёння жывуць па-за межамі сваёй краіны – часцей за ўсё без падтрымкі з боку дзяржавы. Сацыяльная палітыка ў дачыненні да гэтых людзей – гэта не пра спачуванне, а пра агульную бяспеку.

І калі ўнутры Беларусі зараз не можа функцыянаваць нармальная сацыяльная дзяржава, то яе элементы мы павінны фарміраваць тут – у супольнасцях, ініцыятывах, ва ўзаемадапамозе. Гэта – наша агульная архітэктура стабільнасці.

У цэнтры такой сацыяльнай палітыкі павінны быць найперш уразлівыя групы: людзі з інваліднасцю, адзінокія маці, пажылыя, ахвяры гвалту, моладзь без падтрымкі, людзі, што страцілі ўсё…

Асобна – гэта адказнасць перад палітзняволенымі. Тысячы людзей, якія сёння знаходзяцца ў турмах Беларусі, павінны мець перспектыву вяртання да жыцця. Для гэтага патрэбныя праграмы рэсацыялізацыі, псіхалагічнай і медыцынскай рэабілітацыі, юрыдычнай адаптацыі.

Трэці блок – гэта беларускія добраахвотнікі, што змагаюцца і змагаліся супраць расійскай агрэсіі. Многія з іх па-ранейшаму не маюць статусу, доступу да меддапамогі, гарантый, выплат. Родныя загінулых не атрымліваюць дакументаў. Гэта людзі, якія ўнеслі рэальны ўклад у агульную бяспеку, але застаюцца без абароны.

Моладзь і адукацыя – яшчэ адзін крытычны кірунак. Студэнты, выключаныя за ўдзел у пратэстах, дзеці ў выгнанні, моладзь, што губляе сувязь з культурай – усё гэта патрабуе адукацыйных інвестыцый.

Каб падтрымка гэтых кірункаў не была эпізадычнай, мы ініцыюем стварэнне Фонду сацыяльнай падтрымкі беларусаў. Гэта інструмент, які павінен забяспечыць сістэмную дапамогу тым, каго сёння ігнаруе дзяржава. Так, гэта часовая структура, але патрэбная.

Але каб такі інструмент сапраўды працаваў, нам патрэбныя рэсурсы. Мы не маем рэсурсаў дзяржавы, у нас няма дзяржаўнага апарату, бюджэту, фінансавай падушкі, капітала. Таму мы звяртаемся да партнёраў і да вас асабіста – з просьбай пра падтрымку.

Нам патрэбныя даследаванні, лічбы, факты. Мы не можам дзейнічаць наўгад. Але адназначна ведаем: інвестыцыі ў гэты фонд – гэта інвестыцыі ў сацыяльную ўстойлівасць, у папярэджанне крызісаў. Калі чалавек застаецца без дачынення да існуючай сістэмы – ён або знікае, або трапляе пад рызыкі.

Мы ўсе ведаем, да чаго прыводзіць маўчанне і адсутнасць падтрымкі. Пасля Другой сусветнай вайны Беларусь так і не перажыла сваю калектыўную траўму. Савецкая гісторыя была поўная маўчання – і стала глебай для новай дыктатуры. Мы не маем права паўтарыць гэты сцэнарый».

@CabinetBelarus

Main carousel image