Павел Латушка падчас працы Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС»: беларускае грамадства знаходзіцца на першай лініі абароны Еўропы
2025-06-11
«Лукашэнка для Крамля – партнёр і хаўруснік, а не закладнік. Распаўсюджанае меркаванне пра тое, што Лукашэнка дзейнічае "пад ціскам Масквы", – небяспечна і ўводзіць у зман. Такая трактоўка размывае адказнасць і адкрывае шлях да паўтарэння ранейшых памылак»,
– адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас абмеркавання «Палітычная сітуацыя ў Беларусі, рэгіянальныя перспектывы, стратэгіі дэмакратычных сіл, дзеянні ЕС» у межах 5-га пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС», якое праходзіць сёння ў Бруселі.
З беларускага боку ўдзел у абмеркаванні таксама прымаюць прэзідэнтка-элект, кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл прадставілі агляд палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіянальных перспектыў, у тым ліку ў кантэксце росту супрацоўніцтва і залежнасці Беларусі ад Расіі і пагроз, якія вынікаюць для Беларусі ў сувязі з працягам Расіяй агрэсіі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
У межах выступлення Павел Латушка акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымкі беларускага грамадства і беларускіх дэмакратычных сіл:«Сёння ў Еўропе пражываюць сотні тысяч беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму праз тэрор рэжыму і падтрымку Лукашэнкі вайны супраць Украіны. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі Беларусі. Так, не ўсе беларусы вернуцца дадому пасля перамен, але ўсе яны застаюцца беларусамі, лаяльнымі Еўропе і дэмакратыі. Яны інтэгруюцца, працуюць, плацяць падаткі, уносяць уклад у эканоміку краін ЕС. І яны маюць патрэбу ў сваім прадстаўніцтве, у голасе, які будзе чутны і на нацыянальным, і на еўрапейскім узроўні.
Падтрымка інстытутаў беларускіх дэмакратычных сіл – гэта стратэгічная інвестыцыя, а не гуманітарны жэст. У перспектыве перамен гэтая падтрымка спрыяе неўзнікненню новых палітычных крызісаў. Акрамя таго, падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і дэмакратычна настроенае грамадства проста танней, чым кампенсаваць наступствы выкарыстання тэрыторыі Беларусі як плацдарма для вайны з ЕС.
Першая лінія абароны Еўропы праходзіць не па межах Беларусі з ЕС. Першая лінія абароны Еўропы – гэта дэмакратычна арыентаванае беларускае грамадства».
@CabinetBelarus
