Святлана Ціханоўская выступіла падчас адкрыцця 5-га пасяджэння Кансультатыўнай групы “Беларусь – ЕС” у Бруселі
2025-06-11
«Я ганаруся тым, што гэтая група вытрымала выпрабаванне часам. І яна не проста існуе – яна дае вынік», – адзначыла кіраўніца Кабінета.
Дэмакратычная лідарка падзякавала еўрапейскім партнёрам за супрацоўніцтва, падтрымку, а таксама рашучыя заявы – пра фальшывыя выбары Лукашэнкі, Дзень Волі і зусім нядаўна – Дзень салідарнасці з палітвязнямі 21 мая:
«Паверце – людзі ўнутры краіны бачаць гэтыя пасланні. Яны адчуваюць вашу падтрымку. Ніколі раней беларусы не мелі такога ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. І ніколі раней Еўрасаюз не быў настолькі вызначальным для лёсу Беларусі. ЕС — гэта не проста наш саюзнік. Гэта наш кірунак. І я веру – мы туды дойдзем».
Кіраўніца Кабінета падзякавала Еўракамісіі за гнуткасць на фоне скарачэння амерыканскай дапамогі: «Вы імгненна прыйшлі на дапамогу. Дзякуй за перанакіраванне сродкаў туды, дзе яны найбольш патрэбныя. Праца медыя, праваабаронцаў, палітычных структур мае крытычнае значэнне, і без вас мы не справімся».
Святлана Ціханоўская таксама прывітала беларускіх удзельнікаў пасяджэння: прадстаўнікоў і прадстаўніц Кабінета, Каардынацыйнай рады, ПЦ «Вясна», Праваабарончага дому, Хельсінкскага камітэта, БАЖ, Прэс-клуба, Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама каманды Віктара Бабарыкі.
Кіраўніца Кабінета прывітала таксама нядаўна абранага спікера Каардынацыйнай рады Арцёма Брухана, які ўступіў на гэтую пасаду пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай, і анансавала абмеркаванне гэтай сітуацыі падчас палітычнай дыскусіі:
«Быць часткай дэмакратычнага руху – значыць сутыкацца з рэальнай небяспекай. З часу апошняй сустрэчы групы мы перажылі новыя пагрозы, узмацненне рэпрэсій і сур’ёзны фінансавы ціск. Кожны з удзельнікаў сённяшняй сустрэчы можа распавесці пра гэта.
Нягледзячы на ўсе выклікі, мы працягваем. Структуры працягваюць каардынацыю. Людзі падтрымліваюць адзін аднаго.
Мы набліжаемся да пяцігоддзя беларускай рэвалюцыі. Гэта момант для роздуму. Што можам зрабіць лепш – і разам? Як адказваць на новыя рэаліі, як умацоўваць агульную бяспеку, як узмацняць праеўрапейскія настроі – і найперш, як дамагчыся вызвалення палітычных зняволеных.
Так, сітуацыя цяжкая. Але яна не безнадзейная. Ёсць два варыянты: або змагацца, або капітуляваць. Для нас выбар відавочны»
@CabinetBelarus


