Беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у працы Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС»
2025-06-10
Уладзімір Астапенка, прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета, выказвае падзяку міжнародным партнёрам за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі і анансуе ўдзел у чарговым пасяджэнні Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС», што адбудзецца 11 чэрвеня ў Бруселі:
«Партнёрствы, заснаваныя на каштоўнасцях, з’яўляюцца інструментам не толькі салідарнасці, але і рэальнага ўплыву на міжнародны парадак дня. Для дэмакратычных сіл Беларусі такія фарматы – гэта прастора для выніковай працы і чарговы крок на шляху да ўзмацнення суб’ектнасці структур беларускіх дэмакратычных сіл.
Кансультатыўная група «Беларусь – ЕС» забяспечвае нашу сістэмную камунікацыю з інстытутамі Еўрапейскага саюза. Удзел у гэтай працы дазваляе ўзгадняць практычныя крокі ў галіне падтрымкі грамадзянскай супольнасці, медыя, адукацыі, правоў чалавека і міграцыйнай палітыкі.
У складзе беларускай дэлегацыі – нацыянальная лідарка і кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, кіраўніца міжнароднай камісіі КР Аляксандра Мамаева, а таксама прадстаўнікі праваабарончых і іншых арганізацый, грамадзянскай супольнасці, свабодных прафсаюзаў ды медыйных структур.
Мы ўдзячныя партнёрам за гатоўнасць да адкрытага дыялогу і разлічваем на далейшае паглыбленне супрацоўніцтва, якое застаецца жыццёва важным ва ўмовах працяглых рэпрэсій і пагрозы беларускаму суверэнітэту».
@CabinetBelarus
