МакЛейн: «Гамафобія – гэта не проста меркаванне. Гэта недасведчанасць і салідарнасць з рэжымам Лукашэнкі»
2025-06-09
Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, выказалася з нагоды гамафобных нападаў на беларускіх удзельнікаў і ўдзельніц прайдаў, якія выкарыстоўваюць нацыянальны сцяг:
«Я гляджу на гэтыя сітуацыі і адчуваю не толькі гнеў, але і сорам. Сорам за людзей, якія называюць сябе дэмакратамі, але гатовыя цкаваць іншых толькі за тое, што тыя не адпавядаюць іх уяўленням пра “норму”.
Вельмі дзіўна і вельмі балюча назіраць, як людзі, што самі зведалі пераслед і гвалт за сваю пазіцыю і ідэнтычнасць, цяпер ператвараюцца ў тых, хто пераследуе іншых. Як людзі, якія патрабуюць роўнасці і свабоды для сябе, адмаўляюць гэтыя ж каштоўнасці ЛГБТК+ беларусам.
Нацыянальны сцяг належыць усім, хто любіць Беларусь, салідарны з ёю, атаясамлівае сябе з ёю. І ніхто не мае манаполіі на тое, каб вырашаць, хто “сапраўдныя беларусы”, а хто не.
Людзі, якія выходзяць з вясёлкавымі і бела-чырвона-белымі сцягамі, не абражаюць Беларусь – яны змагаюцца за яе. Абражаюць Беларусь якраз тыя, хто гатовы прыніжаць, выключаць, дыскрымінаваць, пазбаўляць іншых голасу толькі за тое, кім хто нарадзіўся або хто каго кахае.
Давайце будзем шчырымі: гамафобія – гэта не проста асабістае меркаванне. Гэта недасведчанасць, якая фактычна вядзе да падтрымкі сістэмы, дзе людзей затрымліваюць, катуюць і асуджаюць за тое, што яны адрозніваюцца. Гэта па сутнасці салідарнасць з рэжымам Лукашэнкі.
Факты гавораць самі за сябе:
– У Беларусі няма ніводнага закона, які абараняе ЛГБТК+ людзей ад дыскрымінацыі;
– Аднаполае партнёрства забаронена на ўзроўні Канстытуцыі;
– У 2024 годзе дзясяткі людзей былі затрыманыя і збітыя – ім пагражае да 4 гадоў зняволення нібыта «за прапаганду», а па факце за тое, што яны існуюць;
– Беларусь займае 45-е месца з 49 краін Еўропы па ўзроўні ЛГБТ-свабодаў;
– Сотні беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну праз сваю ідэнтычнасць.
І рэжыму гэта выгадна. Ён хоча, каб мы дзялілі адно аднаго на “нармальных” і “ненармальных”, каб адварочваліся ад сваіх. Бо так – прасцей кіраваць. Ці прымаеце вы гэтыя правілы?
Я прашу: спыніцеся. Зірніце на чалавека побач. Роўнасць – гэта не пра тое, што ўсе аднолькавыя. Гэта пра тое, што ўсе годныя. І пакуль у Беларусі будуць людзі, гатовыя бараніць гэты прынцып – у тым ліку на прайдах – будзе і надзея на тую Беларусь, пра якую ўсе мы марым».
@CabinetBelarus
