«Колькі праўды хаваюць беларускія архівы – мы пакуль нават не ўяўляем»
2025-06-09
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, з нагоды Міжнароднага дня архіваў падкрэслівае: адкрыццё архіваў, у тым ліку спецслужбаў, стане адной з ключавых умоў для аднаўлення даверу і гістарычнай справядлівасці ў Беларусі:
«Беларусь застаецца адной з нешматлікіх краін Еўропы, дзе дагэтуль цалкам не адкрыты архівы савецкіх спецслужбаў. Гэтыя архівы – не проста дакументы. Гэта сведчанні рэпрэсій, знішчэння культурнай і палітычнай эліты, гэта праўда пра тое, як сістэма душыла людзей і нацыю.
Я асабіста чакаю ад адкрыцця архіваў не толькі фактаў, але і разумення механізмаў страху і здрады, якія фарміравалі паводзіны людзей. Мы не зможам аднавіць гістарычную годнасць, пакуль архіўная праўда застаецца пад замком. Замкі трэба зняць. Не дзеля помсты, а дзеля вызвалення. У тым ліку – унутранага.
У дэмакратычнай Беларусі павінны быць прынятыя законы, якія забяспечаць поўны доступ да архіваў былых спецслужбаў – з гарантыямі для даследчыкаў, журналістаў, цікаўных грамадзян і сем’яў рэпрэсаваных.
Колькі праўды хаваюць гэтыя архівы – мы пакуль нават не ўяўляем. Але я перакананы: без гэтай праўды мы не зможам скончыць аўтарытарна-таталітарную эпоху ў нашай свядомасці.
Калі ж так званым уладам у Беларусі няма чаго баяцца, як і няма чаго баяцца КДБ і Генпракуратуры, заклікаю іх да неадкладнага адкрыцця архіваў, як гэта было зроблена ва Украіне і краінах Балтыі».
@CabinetBelarus
